Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 верасьня 2000 г.


Галіна Прыгара, Кліўлэнд

(эфір 3 верасьня)
Нядзеля, 3 верасьня, была другім днём працы 24-га зьезду беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Кліўлэндзе, штат Агаё. З прывітальным лістом да зьезду зьвярнуўся кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Джордж Буш-малодшы.

Асноўным арганізатарм зьезду беларусаў Паўночнай Амэрыкі лічыцца Беларуска-Амэрыканскае заадзіночаньне. Гэтым разам кіраўнік галоўнай управы БАЗА спадар Антон Шукялойць заўважыў, што зьезд беларусаў набыў надзвычай высокі ўзровень. Учора беларусаў вітаў губэрнатар штату Агаё Боб Тафт, які таксама зьяўляецца кіраўніком штабу Рэспубліканскай партыі ЗША ў штаце. Губэрнатар Тафт перадаў беларусам ліст ад кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Джорджа Буша-малодшага. У ім – прывітальнае слова і пажаданьне посьпехаў. Губэрнатар Тафт, як заўважыў кіраўнік кліўлэндзкага аддзелу БАЗА Пол Васілеўскі, паходзіць з вельмі ўплывовай амэрыканскай палітычнай дынастыі. Сёньняшні губэрнатар Агаё – праўнук 27-га амэрыканскага прэзыдэнта Тафта. Губэрнатар з радасьцю прыняў падарункі ад беларусаў і заўважыў, што мае вялікі гонар з той нагоды, што ў штаце Агаё жывуць працавітыя прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія тым больш не парываюць сувязі са сваёй радзімай.

Падчас афіцыйнай часткі 24-га зьезду беларусаў Паўночнай Амэрыкі выступіла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. "Зараз, у сёньняшніх умовах мы мусім берагчы тое, што яшчэ маем", – сказала старшыня Рады БНР і зьвярнулася да ўсіх прысутных з заклікам берагчы і разьвіваць усё нацыянальнае, беларускае ў эміграцыі.

Старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі павітаў удзельнікаў зьезду. Старшыня БНФ Зянон Пазьняк распавёў прысутным пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, скрытыкаваўшы тую частку апазыцыі, якая ўдзельнічае ў восеньскіх выбарах.

Сёньня 24-ты зьезд беларусаў Паўночнай Амэрыкі чакае да сябе ў госьці сэнатара ад штату Агаё Джорджа Вайновіча.

Інфармацыя пра зьезд беларусаў гэтым разам мела даволі шырокі водгук у Амэрыцы. Пра зьезд учора паведамлялася па канала CNN.

XS
SM
MD
LG