Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 верасьня 2000 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Невялікай нататкай сёньня адгукнулася на беларуска-кубінскую сустэчу газэта The Financial Times. Выглядае, што непрыняцьце абодвума лідэрамі заходняга крытыцызму, – піша газэта, – сталася асноўным фактарам сустрэчы. Тым ня менш, абодва лідэры вырашылі прысутнічаць на саміце тысячагодзьдзя ў Ню-Ёрку. Агляд публікацыяў пра сустрэчу.

Куба і Беларусь, чые прэзыдэнты – Фідэль Кастра і Аляксандар Лукашэнка – ганьбаваныя Захадам за аўтарытарны стыль кіраваньня, падпісалі пагадненьне аб сяброўстве, мэта якога – умацоўваць эканамічныя сувязі, – адзначае The Financial Times. Хаця Лукашэнка і настойваў, што кубіна-беларускі пакт не накіраваны супраць каго-небудзь, але на дабро кожнаму, выглядае, што асноўным фактарам сустрэчы двух лідэраў стала непрыняцьце імі заходняга крытыцызму, асабліва з боку ЗША. Газэта робіць іранічную заўвагу, што зусім нядаўна беларускі ўрад выказаў незадавальненьне параўнаньнем Майкла Козака, новага амбасадара ЗША ў Менску, які назваў Беларусь "Кубай у Эўропе". Перад тым, як паехаць на Беларусь, Козак летась закончыў свой трохгадовы тэрмін дыпляматычнай службы ў Гаване.

Газэта Los Angeles Times, якая прысьвяціла свой артыкул саміту тысячагодзьдзя ў Ню-Ёрку, адзначае, што ня ўсе лідэры са 188 краінаў-сябраў Аб'яднаных нацыяў, будуць прысутнічаць на сустрэчы. Традыцыйна застаюцца дома ізгоі – іракскі прэзыдэнт Садам Хусэйн, ня зьявяцца ў Ню-Ёрку ні кіраўнік Паўночнай Карэі, ні Лівіі, ні Югаславіі. У апошні момант пра свой прыезд абвесьціў Фідэль Кастра, вядомы сваімі сямігадзіннымі прамовамі, які, верагодна, будзе адчуваць сябе абмежаваным пяціхвілінным рэглямэнтам для выступленьня.

Саміт, у якім возьмуць удзел 150 лідэраў сьвету, адкрыецца заўтра. Гэта найбуйнейшая па сваіх маштабах сустрэча будзе праведзеная у межах сэсіі ААН і прысьвечаная абмеркаваньню асноўных глябальных праблемаў наступных дзесяцігодзьдзяў. Цяперашняе кіраўніцтва ААН мяркуе заручыцца падтрымкай сусьветных лідэраў у трох важнейшых супольных праектах: змаганьня з галечай – да 2015 году, змаганьня са СНІДам – да 2010 году, і падтрымкі ў міратворчых апэрацыях.

Акрамя ўдзелу у трохдзённай сэсіі, як я ўжо згадала, кожны лідэр атрымае пяць хвілін для выстуленьня перад асамблеяй ААН. Будуць арганізаваныя таксама чатыры паседжаньні круглых сталоў, прысьвечаных праблемам адукацыі, глябалізацыі ці папярэджаньню войнаў. Каля 70 краінаў плянуюць таксама падпісаць або ратыфікаваць існуючыя дамовы ААН ў справе датрыманьня правоў чалавека, супраць дыскрымінацыі правоў жанчыны ці дамову аб забароне выкарыстаньня наземных мінаў.

XS
SM
MD
LG