Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 верасьня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 3 верасьня)
Інтэлект краіны мусіць быць беларускамоўным. Дамагацца гэтага ёсьць задачаю інтэлігенцыі. Да такое высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала ў тэме лінгвістычных правоў, які сёньня распачаўся ў Менску.

1 верасьня мусіў быў быць выкананы ў поўным аб'ёме Закон аб мовах, прыняты дзесяць гадоў таму. А гэта азначае, што зь сёлетняй восені краіна мусіла цалкам жыць у рэжыме мовы тытульнае нацыі. Аднак прыняты на пэрспэктыву Закон не спрацаваў і сёньня ўдзельнікі круглага стала, наладжанага беларускім ПЭН-цэнтрам, ня толькі шукалі адказу на пытаньне, чаму, але й спрабавалі вызначыць для сябе новыя мэтады сваёй працы ва ўсталяваньні ў грамадзтве станоўчае матывацыі беларускае мовы. Што немажліва без аналізу сучаснага моўнага стану. Менавіта гэтаму й быў прысьвечаны першы дзень працы круглага стала.

Са спавешчаньняў першых некалькіх выступоўцаў вымалявалася даволі бязрадасная карціна моўных правоў карэннае нацыі краіны. Старшыня Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў сказаў, што пакуль у грамадзтве ня будзе створаная крытычная маса носьбітаў беларускае мовы, яно не даб'ецца дэмакратычных пераменаў у палітыцы. Чаго не разумее бальшыня ўдзельнікаў дэмакратычнага руху, а ягоная сацыяльная база, якой ёсьць дробны й сярэдні бізнэс — цалкам расейскамоўная.

Ягоную думку навукова абгрунтаваў кандыдат філялёгіі Сяргей Запрудзкі. На шматлікіх прыкладах спадар Запрудзкі паказаў, што моўная палітыка сучаснае дзяржавы зьвернутая ў мінулае, у сытуацыю 60–70-х гадоў. А паколькі традыцыя змаганьня за моўныя правы ў нас яшчэ вельмі непрацяглая, дык улада даволі лёгка разьвярнула сытуацыю першае паловы 90-х гадоў на сто восемдзясят градусаў. Адсюль стаўся мажлівым і рэзкі абвал беларускага школьніцтва, які даволі поўна паказаў у сваім маніторынгу старшыня менскага гарадзкога камітэту бацькоў беларускамоўных школьнікаў Валеры Паўсьцюк. Вось толькі некалькі лічбаў зь яго.

За пяць гадоў у краіне зьнікла 290 беларускіх школах і за гэты самы час адчынена расейскіх 990. У Менску за шэсьць апошніх гадоў на расейскую мову навучаньня пераведзена звыш 33 тысячаў школьнікаў, якія пачыналі вучыцца па-беларуску. Красамоўныя факты апошняга часу — перавод на расейскую мову вясковых школаў, і самы, бадай што яркі зь іх — нядаўні: вясковая школа на радзіме Янкі Купалы ў Вязынцы цяпер таксама вучыць дзяцей па-расейску.

Лічбы гэтыя можна доўжыць, аднак, як зазначыў у дыскусіі старшыня лінгвістычнае камісіі ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, на міжнародным узроўні яны ня ўражваюць. Там пытаюцца, колькі чалавек супроць гэтага запратэставала. І тут дзьве праблемы: адна ў згодзе ці нязгодзе з сытуацыяй, і другая — што зроблена дзеля яе выпраўленьня. Тым шляхам, якім пачыналі беларусізацыю на пачатку 90-х, ужо не пойдзеш. Цяперашні шлях — у наданьні прэстыжнасьці беларускамоўнай адукацыі ад гімназіі да ўнівэрсытэту, арыентацыі не на масавасьць, а на інтэлект, які мусіць быць беларускім.

Заўтра ўдзельнікі круглага стала ў лінгвістычным праве працягнуць свае дыскусіі ў Менску ў музэі Янкі Купалы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG