Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 верасьня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Працягваем цыкаль матэрыялаў пра верагоднасьць ды наступствы магчымых тэхнагeнных аварыяў у Беларусі. Сёньня гаворка пра аб'екты хімічнае прамысловасьці. Статыстыка сьведчыць: усе буйныя аварыі апошняга часу на вытворчасьці прыходзяцца менавіта на аб'екты хімічнае галіны.

Эканамічныя аналітыкі сьцьвярджаюць, што менавіта хімічная прамысловасьць — самая прыбытковая у параўнаньні з астатнімі экспартнымі галінамі. Заходнія краіны стараюцца адмаўляцца ад размяшчэньня на сваіх тэрыторыях шкодных вытворчасьцяў. Тым больш, што набываць гатовую прадукцыю ў трэціх краінах, накшталт Беларусі, значна больш выгадна.

Самым небясьпечным з пункту гледжаньня тэхнагенных наступстваў зьяўляецца Магілеў. Вялізная колькасьць прадпрыемстваў ("Хімвалакно", "Завод сынтэтычных валокнаў", "Магілеўтрансмаш", "МоАЗ" і г.д.) сканцэнтравана ў межах гораду. Праўда, міністар надзвычайных сытуацыяў Валеры Астапаў упэўнены, што ўвогуле сытуацыя заўжды знаходзіцца ў полі зроку выратавальнікаў:

(Астапаў: ) "Ёсьць патэнцыйна небясьпечныя аб'екты, якія могуць выйсьці з-пад кантролю. Наяўнасьць сінільнае кіслаты на "Паліміры" аўтаматычна выводзіць гэтае прадпрыемства наперад астатніх. Але менавіта на такіх аб'ектах з-за прычыны зразумелае спэцыфікі парадку й дысцыпліны куды больш, а таму й нам лягчэй працаваць: ня трэба агітаваць і пераконваць, усе гатовыя любую разумную прапанову прыняць і рэалізаваць.

Гэта быў міністар надзвычайных сытуацыях Валеры Астапаў.

Прыгаданы міністрам наваполацкі "Палімір", бадай, адкрывае сьпіс самых рызыкоўных прадпрыемстваў хімічнае галіны. А ўвогуле, Наваполацак у ступені канцэнтрацыі падобных аб'ектаў апярэджвае нават Магілеў. Розьніца толькі ў тым, што, у адрозьненьне ад абласнога цэнтру, наваполацкія заводы вынесеныя за гарадзкія межы. Але яшчэ з чэрвеня пажоўклае лісьце сьведчыць на тое, што паветра над горадам далёка не ідэальнае.

Яшчэ адзін, так бы мовіць, галіновы флагман — завод бялкова-вітаміннага канцэнтрату. Некалькі год таму менавіта тут адбылася адна з прадказальных аварыяў, зьвязаная з выкідам атрутных рэчываў у Дзьвіну. Тады на дзясяткі кілямэтраў у рацэ вымерла ўсё жывое.

На значнай тэрыторыі вакол гарадзенскага "Азоту" даўно ўжо забаронена купацца. Ня лепшае становішча абапал галоўнага партнэру "Азота", бубруйскае "Белшыны": асноўная сыравіна для корду — капралактам — адрозьніваецца надзвычайнай атрутнасьцю. У бязьветранае надвор'е над заводамі "Хімвалакна" ў Магілеве, Горадні, Сьветлагорску, а таксама над хімзаводам у Гомлі вісіць шчыльная каляровая заслона з прадуктаў перапрацоўкі. Экалягічныя мапы гэтых раёнаў афарбаваныя ў чорны, экстрэмальны колер. Большасьць аб'ектаў хімічнае галіны маюць даволі сучасныя сыстэмы аварыйнага рэагаваньня. Таму асноўнай небясьпекаю можна лічыць парушэньне правілаў бясьпекі з далейшай рэакцыяй хімічных злучэньняў.

З-за нядбайнасьці грузчыкаў напачатку 90-х ушчэнт згарэла сховішча лякафарбаў рэспубліканскае хімічнае базы ў Фаніпалі. Крыху раней вялікі пажар зьнішчыў вытворчыя плошчы на менскім "Гарызонце". Вялізныя страты пацярпеў у свой час лідзкі завод фарбаў. Да чалавечых ахвяраў прывяло неасьцярожнае абыходжаньне зь сернай кіслатой на аршанскім ільнокамбінаце. Лякальныя трагедыі здараюцца й цяпер. Але людзі церпяць, бо для многіх гэта адзіная магчымасьць утрымліваць сям'ю.

XS
SM
MD
LG