Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 04 верасьня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Беларускія ўлады праз фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў ўзялі пад свой кантроль правядзеньне выбарчае кампаніі. Да такое высновы прыйшла сёньня Цэнтральная Каардынацыйная рада ў справе назіраньня за выбарамі.

Удзельнікі паседжаньня аналізавалі сёньня склад выбарчых камісіяў. Усяго ў акруговыя камісіі вылучана 1430 чалавек. Непасрэдна выканаўчую ўладу (маюцца на ўвазе супрацоўнікі абласных, гарадзкіх і раённых выканкамаў) прадстаўляюць 179 асобаў. На першы погляд, можа здацца, што гэта ня так і шмат.

Але ж, як высьветлілі супрацоўнікі Каардынацыйнае рады, гэта як раз той выпадак, калі лічбы без адпаведнага вывучэньня проста дэзарыентуюць. Дасканалы аналіз паказаў, што мясцовыя ўлады правялі сваіх супрацоўнікаў ня толькі ад выканаўчых ворганаў, што зафіксавана афіцыйнай статыстыкаю, але й праз працоўныя калектывы й нават праз збор подпісаў сярод грамадзянаў. Такім чынам, прыкладна кожны шосты сябра акруговых камісіяў прадстаўляе менавіта выканаўчую ўладу. Да таго ж, як усе цудоўна разумеюць, у камісіях шмат людзей, якія хоць фактычна й не працуюць непасрэдна ў выканаўчай уладзе, але цалкам ад яе залежаць.

Высьветлілася й другая тэндэнцыя — пасады старшыняў акруговых камісіяў, іхных намесьнікаў і сакратароў амаль паўсюдна занялі людзі з выканкамаў. Гаворыць экспэрт у пытаньнях выбарчага права Рады Міхась Пліска.

(Пліска: ) "Паўсюдна выканкамы і прэзыдыюмы абласных саветаў скарысталі сваю магчымасьць вылучаць прадстаўнікоў у акруговую камісію. Пры больш дасканалым вывучэньні гэтых вынікаў аказалася, што там выканкамы зрабілі гэта шляхам вылучэньня праз працоўныя калектывы ці, нават, шляхам збору подпісаў".

Гэта быў экспэрт Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі Міхась Пліска.

Як высьветлілася, улады самымі рознымі шляхамі перашкаджалі ўваходу ў акруговыя камісіі прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Канкрэтны факт такога абыходжаньня прывёў Уладзімер Падгол — адзін з кіраўнікоў выбарчае кампаніі кандыдата ў дэпутаты Генадзя Грушавога.

(Падкол: ) "Група збору подпісаў за Генадзя Грушавога, у склад якой увайшоў 231 чалавек, сабрала 10357 подпісаў. Калі кіраўнік групы пацікавіўся ў райвыканкаме, як абстаяць справы з уключэньнем вылучаных фондам "Дзеці Чарнобыля" кандыдатаў у члены камісіі, атрымаў адказ, што ніводзін з 45 кандыдатаў у члены камісіі ня трапіў склад выбарчых камісіяў па прычыне няправільнага афармленьня дакумэнтаў. На праўленьні фонду былі вылучаныя людзі сьпісам – 45 чалавек. Па дамове з кіраўніцтвам было дамоўлена, што яны самі гэтых людзей разьмяркуюць па камісіях, бо на той момант, калі ішло вылучэньне, яшчэ не было проста камісіяў".

Гэта быў Уладзімер Падгол — давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Генадзя Грушавога.

Цэнтральная каардынацыйная рада ў справе назіраньня за выбарамі аб'яднала ўсіх унутраных назіральнікаў Беларусі, якія адсочваюць падрыхтоўку да выбараў у "Палату прадстаўнікоў", што прызначаныя на 15 кастрычніка. У яе ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу арганізацыяў, сярод якіх, напрыклад, Беларускі клюб выбаршчыкаў, Фонд імя Льва Сапегі, Цэнтар "Беларуская ініцыятыва" ды іншыя. Кіруе радаю Мечыслаў Грыб.

XS
SM
MD
LG