Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 верасьня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Заводзкім судзе Менску распачаўся паўторны разгляд справы ў працаўладкаваньні актывіста Свабоднага прафсаюзу Міхала Марыніча. Вось ужо пяць месяцаў як адміністрацыя аўтазаводу адмаўляецца прадаставіць былому лідэру заводзкае суполкі дэмакратычнага прафсаюзу працоўнае месца на прадпрыемстве.

Судзьдзя Алег Каляда абвясьціў сёньня, што справу ў працаўладкаваньні Міхала Марыніча ініцыяваў Свабодны прафсаюз мэталістаў. Ягоны лідэр Віктар Трошчы гэтую ініцыятыву пракамэнтаваў нашаму радыё наступным чынам:

"Прадастаўлена даведка камісіі Міжнароднай арганізацыі працы пра парушэньне правоў чалавека і ў гэтай даведцы фігуруе справа Марыніча ў парушэньні яго права на працу. Ужо на наступным тыдні чакаецца прыезд у Беларусь прадстаўнічае дэлегацыі Міжнароднай арганізацыі працы, якая, без сумневаў, спытае ў беларускіх уладаў, чаму ў гэтай краіне актывісты дэмакратычных прафсаюзаў ня могуць працаўладкавацца. А паколькі яны ня могуць працаўладкавацца, дык, зразумела, і ня маюць магчымасьцяў зарабіць сабе на кавалак хлеба. У нас ёсьць усе дакумэнты, што мы імкнуліся абараніць Марыніча", — зазначыў Віктар Трошчы.

Паводле пазову, Свабодны прафсаюз мэталістаў настойвае ў судовым парадку працаўладкаваць Міхала Марыніча сьлесарам-мэханазборшчыкам агрэгатнага цэху МАЗу. Апроч таго, прафсаюз дамагаецца, каб аўтазавод кампэнсаваў прафсаюзнаму актывісту вымушаны адпачынак і ягоныя маральныя выдаткі. Гэтыя выдаткі Марыніч ацаніў у 5 мільёнаў рублёў.

Дарэчы, у траўні Заводзкі суд ужо разглядаў гэты пазоў Свабоднага прафсаюзу, але ўхіліўся ад вынясеньня выраку. Віктар Трошчы лічыць, што такому рашэньню садзейнічала ўмяшаньне ўладаў, якія падтрымліваюць адміністрацыю МАЗу. Як будзе зараз, стане вядомым на наступным тыдні.

XS
SM
MD
LG