Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Расейскі бізнэсовец Анатоль Сілівончык выйшаў на волю з гомельскай турмы паводле амністыі. Ён заяўляе, што будзе дамагацца сваёй рэабілітацыі і пакараньня тых, хто паклёпнічаў на яго.

З трох гадоў, да якіх прысудзіў Сілівончыка Сьветлагорскі суд, ён адсядзеў крыху больш за год. Сілівончык добра сябе паводзіў у турме, атрымаў станоўчую характарыстыку й трапіў пад амністыю.

Нагадаю, вядомы расейскі бізнэсовец і мэцэнат, які ўклаў шмат грошай у рэстаўрацыю помнікаў беларускае культуры, Анатоль Сілівончык быў прызнаны вінаватым у арганізацыі беспрэцэдэнтнага захопу вёскі Мікалаеўкі Сьветлагорскага раёну курсантамі напалоўвайсковае школы "Беркут" з расейскага гораду Сургуту. Як высьветліў суд, пад час гэтых падзеяў "беркутаўцы" зьдзекваліся над жыхарамі беларускае вёскі, некаторых нават зьбілі. Таксама Анатоль Сілівончык быў прызнаны вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі.

Анатоль Сілівончык, нягледзячы на высокае заступніцтва (а за яго, паводле некаторых зьвестак, прасіў патрыяршы экзарх Беларусі Філарэт), быў усё ж арыштаваны і асуджаны да трох гадоў калёніі.

Сёньня мне ўдалося зьвязацца зь Сілівончыкам па тэлефоне і ўзяць інтэрвію. Аднак Сілівончык катэгарычна адмовіўся запісвацца на стужку, таму прыйдзецца карыстацца нататнікам. Асьцярожнасьць Сілівончыка можна зразумець. Ён вельмі катэгарычна выказваецца на адрэсу беларускіх уладаў, зь якімі толькі–толькі палепшыў адносіны. Галоўную асобу пры ўладзе Сілівончык параўноўвае зь верхаводам крымінальнае групоўкі. "Толькі супраць мяне ён слабы", — перакананы Анатоль Сілівончык.

Што ж тычыцца астатніх беларусаў, на думку Сілівончыка, яны з большага заслужылі такога кіраўніка, і будуць пакутаваць, пакуль не возьмуцца за розум. "У вас як у аўтобусе: хто не сядзіць, той трасецца", — гэтак вызначыў парадкі ў Беларусі Анатоль Сілівончык.

Сілівончык упэўнены, што міліцыянты са Сьветлагорскага раёну сфальшавалі супраць яго справу. "Да мяне ў калёнію прыяжджаў старшыня Мікалаеўскага сельсавету і прызнаваўся, што яго й сялян прымусілі даць супраць мяне паказаньні. На самой справе нікога ў Мікалаеўцы не зьбівалі, я ім ужо царкву пачаў будаваць, там мяне дагэтуль вельмі паважаюць", — паведаміў Сілівончык.

Акрамя міліцыянтаў, дасталося ад мэцэната беларускім судзьдзям і нават адвакатам. Мой суразмоўца быў упэўнены, што ўсе судзьдзі Беларусі працягваюць справу вядомага сталінскага ката Вышынскага, а калегія адвакатаў — гэта, паводле ягоных словаў, "таемны агент абвінавачваньня". Тым ня менш, Сілівончык зьбіраецца знайсьці такіх адвакатаў, якія б дапамаглі яму рэабілітавацца й прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, хто на яго паклёпнічаў, у тым ліку журналістаў.

Напрыканцы бізнэсовец сказаў, што не кідае шматлікія мэцэнацкія праекты, калісьці распачатыя ў Беларусі. У прыватнасьці, зьбіраецца і далей займацца рэстаўрацыяй Спаса-Эўфрасіньеўскага манастыра ў Полацку. Але спачатку Сілівончыку трэба знайсьці свае ўзнагароды, якімі яго адарыла беларуская Праваслаўная царква і якія ў яго адабралі пад час арышту. "Праз гадзіну па мяне прыедзе машына, паеду разьбірацца наконт узнагародаў", — заявіў на разьвітаньне Анатоль Сілівончык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG