Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Беларусі апошні дзень, калі ўлады мусяць цалкам зьліквідаваць запазычанасьць у заробках. Адпаведнае распараджэньне Аляксандар Лукашэнка даў чыноўнікам яшчэ на пачатку жніўня. Аднак загад Лукашэнкі так і застаўся нявыкананым.

Сёньня ўвесь дзень паведамленьні дзяржаўнае тэлевізіі з рэгіёнаў, дзе заробкі засталіся нявыплачанымі, нагадваюць рэпартажы зь месца стыхійнае бяды ці катастрофаў. Напрыклад, сяляне ў Чэрвеньскім раёне Менскае вобласьці зьбіраюцца ля сельсаветаў і праўленьняў калгасаў і патрабуюць ад начальства выплаты грошай, пагражаючы, што заўтра ня пусьцяць дзяцей у школу. Падобныя выпадкі здараюцца і ў іншых месцах Беларусі.

Тое, што распараджэньне Лукашэнкі ня будзе выкананае да заўтрашняга дня, прызнаюць прадстаўнікі ўсіх дзяржаўных структураў, якія займаюцца пагашэньнем запазычанасьці. Так, на 31 ліпеня гэтая запазычанасьць складала 27,5 мільярдаў рублёў. Мінуў месяц, а ў Берасьцейскай вобласьці запазычанасьць складае каля 2 мільярдаў, у Гомельскай — мільярд, каля мільярду — у Менскай і ў Магілеўскай, 600 мільёнаў — у Віцебскай і г.д.

Праўда, чыноўнікі камітэтаў працы і эканомікі выканкамаў гэтых абласьцей запэўнівалі, што запазычанасьць будзе пагашаная ў самы бліжэйшы час. "Вось ужо расплаціліся з Дрыбінскім і Быхаўскім раёнамі", — казала чыноўніца з камітэту эканомікі Магілеўскага абласнога выканкаму. Пры гэтым усе чыноўнікі наўпрост казалі, што хутчэйшая выплата запазычанасьці ў іх жа інтарэсах. Бо Лукашэнка выдаў неканстытуцыйнае, паводле словаў супрацоўнікаў "вэртыкалі", распараджэньне, паводле якога чыноўнікі не атрымаюць сваіх заробкаў, пакуль не разьлічацца зь людзьмі.

Аптымізму чыноўнікаў у рэгіёнах аднак не падзяляюць супрацоўнікі міністэрстваў працы, эканомікі й статыстыкі ў Менску.Так, начальнік камітэту інспэкцыі працы аднайменнага міністэрства Іван Селядзеўскі лічыць, што грошай у дастатковай колькасьці, каб пагасіць запазычанасьць, проста няма, і ўзяць іх няма адкуль.

Нагадаю, што своечасовая выплата заробкаў была адным з асноўных аргумэнтаў дзяржаўнае прапаганды часу кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Маўляў паглядзіце, у Беларусі з заробкамі ўсё нармальна, ня тое, што ў Расеі ці ва Ўкраіне.

У чым жа справа? Гаворыць вядомы эканаміст Павал Данэйка:

"Ёсьць праблемы макраэканамічнага характару, якія нельга спыніць як у вядомым анэкдоце: "Прапаршчык спыняе цягнік. Цягнік стой — раз, два!" Макраэканамічныя праблемы зьвязаныя з тым, што афіцыйны курс даляра стаіць амаль 9 месяцаў, а штодзённая інфляцыя амаль 80%. Гэта значыць, што беларускі рубель падаражэў. Адпаведна экспартная выручка скарацілася на 80% і, натуральна, што гэта пазбаўляе прадпрыемствы абаротных сродкаў. Яны мусяць або рэзка зьніжаць выдаткі, праводзячы рэструктурызацыю і звальняючы людзей (але ў Беларусі гэта зрабіць немагчыма), або скарачаць экспартныя прадажы, што прадпрыемствы таксама зрабіць ня могуць, бо гэта адзіная крыніца валютнае выручкі", — лічыць Павал Данэйка.

Увогуле ж спадар Данэйка лічыць, што ўсе гэтыя праблемы можна вырашыць толькі ў выпадку зьмены ўлады ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG