Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Учора ў Маскве падчас паседжаньня Савету міністраў беларуска-расейскага саюзу было падпісанае пагадненьне пра стварэньне ўніфікаванага падатковага заканадаўства. Паводле словаў прэм'ера Расеі Касьянава, практычна ўзгоднены дакумэнт пра ўвядзеньне адзінай валюты. Касьянаў заявіў, што з 1 студзеня 2005 года расейскі рубель стане валютнай адзінкаю саюзнай дзяржавы. Учора ж Цэнтральны банк Расеі прыняў рашэньне ў мэтах стабілізацыі беларускага рубля выдзяліць Беларусі два крэдыты на агульную суму каля 350 мільёнаў даляраў.

"Эканомікі Расеі і Беларусі несумяшчальныя" – пад такім загалоўкам надрукавалі сёньняшнія "Известия" камэнтар да ўчорашняга паседжаньня саюзнага Саўміну. "Известия" адзначаюць, што Расея, хаця і з цяжкасьцямі, рушыць па капіталістычным шляху, беларуская ж эканоміка – пагоршаная копія савецкай эканомікі часоў позьняй перабудовы. На думку "Известий", ёсьць два варыянты таго, што газэта называе супрацьнатуральным "савакупленьнем": ці Расея капітулюе перад Беларусьсю, ці наадварот. Капітуляцыя Расеі падаецца газэце трызьненьнем. "Але чакаць, што Беларусь зьменіць сваю эканамічную пабудову, таксама не даводзіцца . Прынамсі, пры цяперашнім кіраўніцтве, канца якому ў бліжэйшы час не прадбачыцца", – мяркуюць "Известия".

Тым ня менш спробы Расеі падштурхнуць Беларусь па шляху рэформаў маюць мейсца. Яшчэ напярэдадні паседжаньня саюзнага саўміну расейская газэта "Ведомости" распавяла пра тое, што расейскія ўрадоўцы разам са сваімі беларускімі калегамі актыўна працуюць над праграмай эканамічнага разьвіцьця Беларусі на пяцігадовы тэрмін. Газэта паведаміла, што выкананьне гэтай праграмы рэформаў Расея нават мае намер адсочваць у штоквартальным рэжыме.

Гэта ўскосна пацьвярджаецца і інфармацыяй наконт выдзеленага Беларусі крэдыту, што зьявілася сёньня ў расейскім Інтэрнэт-выданьні "Полит.ру": грошы застануцца на рахунках цэнтральнага банку Расеі і дойдуць да Беларусі толькі ў тым выпадку, калі Менск будзе выконваць усе свае абавязкі па стабілізацыі эканомікі.

Рашэньні ўчорашняга саюзнага саўміну і рашэньне цэнтрабанку Расеі пра выдзяленьне крэдыту ў інтэрвію нашаму Радыё пракамэнтаваў прэзыдэнт беларускага дасьледчага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка. Ён выказваў сваё меркаваньне наконт таго, чаму пераход на расейскі рубель адкладаецца на 5 год.

(Заіка: ) "Расейцы зараз дастаткова настойліва працуюць над тым, каб у Беларусі была больш уцямная грашовая палітыка. І на ўсе спробы беларусаў павялічыць сваю прысутнасьць на расейскім рынку яны кажуць: "У вас павінная быць стабільная грашовая адзінка, мы можам даць вам крэдыты на тое, каб Вы стабілізавалі свой рубель". Парадокс, але Цэнтральны банк Расеі, Герашчанка выконваюць тую функцыю, якую выконваюць міжнародныя фінансавыя арганізацыі. Яны так і гавораць беларускаму боку: "Калі раней вам гэта казалі з Вашынгтону, зараз тое ж самае мы быдзем казаць вам з Масквы".

Расейцы даволі насьцярожана ставяцца да таго, што называецца беларускім "эканамічным выбарам". І гэты "зазор" у 5 гадоў уводзіцца для таго, каб Беларусь правяла пасьпяховую прыватызацыю і зьнізіла дзікі ўзровень інфляцыі. Трэба таксама ўлічваць, што Беларусь зараз знаходзіцца ў асаблівым рэжыме: ідзе парлямэнцкая кампанія, а ў наступным годзе будзе прэзыдэнцкая кампанія. Заўседы падчас перадвыбарчых кампаніяў нарастае папулізм, у Беларусі ўжо аб'яўлена пра падвышэньне мінімальнага заробку. Можна прагназаваць нестабільнасьць грашовай адзінкі з-за павелічэньня сацыяльных выплатаў, субсыдыяў і астатняга. Ну а падчас прэзыдэнцкіх выбараў трэба ж будзе электарат задаволіць. Так што з 5 гадоў 2 гады пойдуць на папулісцкія экспэрымэнты ўраду, застанецца тры гады, і можна будзе давесьці беларускую эканоміку да ўцямнага стану".

Гаварыў беларускі эканаміст Луанід Заіка. Ён лічыць, што для Беларусі было б вельмі добра, каб яна перайшла на новую падатковую сыстэму Расеі, што прадугледжана падпісаным учора пагадненьнем. У Расеі ўстаноўлены адзіны падаходны падатак у 13% на любыя даходы. У Беларусі ж грамадзянін вымушаны аддаваць у казну 30% заробку, які перавышае 100 даляраў. Але прэзыдэнт цэнтру "Страгэгія" лічыць, што нягледзячы на ўсе заявы пра інтэграцыю, такія прапановы будуць недаспадобы кіраўніцтву Беларусі.

Гэтае меркаваньне, дарэчы, пацьвярджаецца ўчорашнімі заявамі Лукашэнкі, зробленымі падчас сустрэчы з лідэрам расейскіх камуністаў Зюганавым. Кіраўнік Беларусі ізноў гаварыў пра тое, што саюз на мяжы распаду, ізноў выкрываў козьні "ворагаў інтэграцыі". Гледзячы па ўсім, Лукашэнка адчувае ціск з боку Масквы, і, як тое неаднаразова было пры Ельцыне, распачынае гульню на супярэчнасьцях унутры расейскай палітычнай эліты.

XS
SM
MD
LG