Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

(эфір 30 жніўня)
Вынікі тэхнічнае канфэрэнцыі эўрапейскіх араганізацыяў у пытаньні Беларусі камэнтуе наш аглядальнік Юры Дракахруст.

"Дык дашле Эўропа назіральнікаў на парлямэнцкія выбары у Беларусі ці не?" – гэта "дзіцячае", але, па сутнасьці, самае галоўнае пытаньне.

Але і на сёньняшняй канфэрэнцыі, ад якой чакалі канчатковага рашэньня, не было пастаўлена апошняй кропкі, не было дадзена недвухсэнсоўнага адказу на гэтае пытаньне. Абцякальнасьць фармулёвак выніковага дакумэнту дае магчымасьць трактаваць яго сэнс па-рознаму: напрыклад, сябра дэлегацыі беларускай апазыцыі спадар Вячорка ў інтэрвію нашаму Радыё пракамэнтаваў рашэньне наступным чынам: "Міжнародныя назіральнікі прысланыя ня будуць".

Але і сам тэкст дакумэнту, і камэнтары іншых удзельнікаў нарады прымушаюць паставіць пад сумнеў катэгарычнасьць гэтай высновы. Напрыклад, паводле словаў кіраўніка групы АБСЭ ў Беларусі сп-ра Віка, сэнс рашэньня палягае у тым, што міжнародная грамадзкасьць будзе назіраць за выбарчым працэсам.

Аднак зьвернемся да першакрыніцы. У рашэньні тэхнічнай канфэрэнцыі гаворыцца, што ў Беларусь павінная быць накіраваная ацэначная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Але у дадатак да гэтага адзначаецца, што тройка міжнародных парлямэнцкіх арганізацыяў (Парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ і Рады Эўропы, а таксама Эўрапарлямэнту) павінна дзейнічаць як назіральнік, падкрэсьліваю, як назіральнік, каб зрабіць аб'ектыўную ацэнку выбарчага працэсу.

Кіраўнік апазыцыйнай дэлегацыі сп-р Лябедзька адзначыў, што дэлегацыя задаволеная рашэньнем толькі на 80% . Ён зьвярнуў увагу на сапраўды важны пункт, у якім гаворыцца, што наяўнасьць на выбарах місіяў АБСЭ і Бюро дэмакратычных інстытутаў ня будзе азначаць прызнаньня як дэмакратычнасьці выбараў, гэтак і іх вынікаў. Менавіта вакол гэтага пункту падчас абмеркаваньня за зачыненымі дзьвярыма разгарэлася спрэчка: дэлегацыі СНД і Парлямэнцкай асамблеі СНД запісалі нават у канчатковае рашэньне сваю нязгоду з гэтай фармулёўкай.

Але падаецца, што гэтая праблема пакуль зьяўляецца другаснай як для апазыцыі, гэтак і для ўладаў. Яшчэ напярэдадні прыняцьця канчатковага рашэньня кіраўнік беларускай урадавай дэлегацыі сп-р Мартынаў у інтэрвію нашаму Радыё падкрэсьліў, што ўрад разумее розьніцу паміж прыездам назіральнікаў і прызнаньнем выбараў. І афіцыйны Менск, і апазыцыю больш цікавіў адказ на пытаньне, пра якое мы гаварылі спачатку: прыедуць ці не прыедуць назіральнікі? На падставе рашэньня сёньняшняй канфэрэнцыі можна меркаваць, што нейкі нагляд усё ж-такі будзе. Магчыма, ня той, якога хацелі б беларускія ўлады, але і пэўнай заявы пра адсутнасьць назіральнікаў таксама няма.

Праўда, і сёньняшняе рашэньне – не канчатковае, гэта толькі меркаваньне экспэртаў, самі міжнародныя парлямэнцкія арганізацыі будуць вызначацца пазьней. Але ж чаму ўсе ж-такі дакладнага і пэўнага рашэньня пра непрысылку назіральнікаў сёньня так і не было прынята? На гэта паўплывала шмат фактараў, сярод якіх і надзвычайная актыўнасьць расейскай дыпляматыі, і раскол беларускай апазыцыі, частка якой вырашыла ўдзельнічаць у выбарах, і касмэтычныя саступкі, зробленыя Лукашэнкам. Але падаецца, што галоўны чыньнік – гэта адсутнасьць пераканаўчага альтэрнатыўнага сцэнару.

У гэтым рэчышчы цікава параўнаць стаўленьне міжнароднай супольнасьці да выбараў у Беларусі і ў Югаславіі. Некалькі дзён таму дзяржсакратар ЗША Олбрайт заклікала сэрбаў актыўна ўзяць удзел у выбарах. Яна падкрэсьліла, што ўжо зараз відавочна, што югаслаўскія выбары ня будуць ані свабоднымі, ані справядлівымі, але разам з тым заклікала выкарыстаць гэтую магчымасьць, каб дамагчыся пераменаў. І гэта пры тым, што сытуацыі ў Беларусі і ў Югаславіі да суму падобныя.

На першы погляд гэта выглядае як практыка "двайных стандартаў". Але здаецца, што на самой справе гэта дазваляе лепш зразумець сэнс чатырох умоваў дэмакратычных выбараў, што выстаўляе Захад Лукашэнку – гэта не ўльтыматум, а спроба дасягнуць найлепшых умоваў не нейкіх будучых, а менавіта – восеньскіх парлямэнцкіх выбарах. А потым глядзець, што за парлямэнт атрымаецца, наколькі ён зможа быць супрацьвагаю уладзе Лукашэнкі. А калі зможа – чаму б і не прызнаць яго, рашэньне сёньняшняй канфэрэнцыі гэтаму, ва ўсялякім выпадку, не супярэчыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG