Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Максім Лукашэвіч

Дарадчык у справе Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Вольфганг Бэрэндт у эксклюзыўным інтэрвію нашай паграме заявіў сёньня, што рашэньне Пастаяннай рады АБСЭ ў Вене трэба разглядаць як адмову паслаць міжнародных назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусь.

(Карэспандэнт: ) "Ці можна разглядаць тэхнічную ацэначную місію як адзін з тыпаў міжнароднага назіральніцтва?"

(Бэрэндт: ) "Не, бо ня будзе шырокамаштабнага міжнароднага назіральніцтва. Але рэкамэндацыя канфэрэнцыі такая: Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалваека АБСЭ павінна накіраваць экспэртаў не дзеля назіраньня ў традыцыйным сэнсе, але проста каб быць на месцы і даваць парады ды іншую дапамогу, калі спатрэбіцца. З другога боку, у палітычным сэнсе: рэкамэндацыя, каб парлямэнцкая тройка паехала ў Менск не як назіральнік, але з ацэначнымі мэтамі".

(Карэспандэнт: ) "Але ж, у тэксьце ужываецца слова "назіральнік" у дачыненоні да тройкі…"

(Бэрэндт: ) "Так, але ня ў тым сэнсе, што яны будуць мець нармальную задачу назіральнікаў, г.зн. задоўга да выбараў туды накіроўвалася б нашмат больш людзей, якія б за ўсім назіралі. А тут значэньне такое, што мы проста там будзем і будзем імкнуцца атрымаць нейкае ўяўленьне, каб зрабіць ацэнку выбарчага працэсу".

(Карэспандэнт: ) "Дык якая ж тады розьніца паміж задачай паўнацэннага назіральніка і тэхнічнай ацэначнай місіяй?"

(Бэрэндт: ) "Назіральніцкая місія, асабліва накіраваная АБСЭ, была б там 6 тыдняў перад выбарамі. Яны б назіралі за перадвыбарчай кампаніяй, за ўсёй падрыхтоўкай да выбараў, іх было б 200-300 чалавек, якія б сачылі, ці выконваецца правільна выбарчая працэдура. У выпадку тэхнічнай місіі, экспэртаў БДІіПЧ будзе ўсяго некалькі чалавек, яны ня будуць назіраць, яны ня пойдуць на выбарчыя ўчасткі. Яны будуць толькі даваць парады. Яны там толькі для таго, каб мець уяўленьне пра ход выбараў. І падобнаю будзе нашая місія тройкі. Мы ня будзем назіраць, ня будзем хадзіць на выбарчыя ўчасткі, будзем толькі старацца атрымаць уяўленьне, каб нейкім чынам ацаніць выбарчы працэс. Такое рашэньня было прынятае, бо мы ня верым, што чатыры ўмовы былі выкананыя дастаткова беларускімі ўладамі. Таму рашэньне было не пасылаць паўнацэнных назіральнікаў у традыцыйны спосаб. Мы будзем там, будзем назіраць, але толькі для таго, каб атрымаць інфармацыю і даць ацэнку".

(Карэспандэнт: ) "А калі сама Рада Эўропы абвесьціць сваё рашэньне, ці пасылаць сваіх назіральнікаў?"

(Бэрэндт: ) "У нашым выпадку Бюро нашай асамблеі вырашыць гэтае пытаньне на наступным тыдні ў Парыжы".

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG