Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Вольга Карактевіч, Вена

Сёньня ў Вене адбылося паседжаньне Пастаяннай рады Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, на якім быў разгледжаны тэкст рэкамэндацыяў у справе Беларусі, прыняты ўчора на тэхнічнай канфэрэнцыі прадстаўнікоў Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту і АБСЭ. Сёньняшняе паседжаньне таксама было закрытае, інфармацыі для журналістаў не паступала, але ўсё ж стала вядома, што прыняты ўчора тэкст застаўся ў сіле, АБСЭ будзе дзейнічаць у адпаведнасьці з прынятым дакумэнтам, г.зн. дашле людзей, якія будуць займацца тэхнічным назіраньнем за выбарамі.

(Караткевіч: ) "На пытаньне, ці азначае факт прыезду людзей тое, што ідзе міжнароднае назіральніцтва за выбарамі, усе прадстаўнікі адказваюць, што гаворка пра поўнамаштабнае назіральніцтва ня йдзе. Але для таго, каб ведаць, як адбываўся працэс, патрэбна, каб на месцы былі людзі. Статус гэтых людзей тэхнічны, тэхнічнае назіраньне.

Тэкст прынятых учора рэкамэндацыяў сёньня вельмі скрытыкавала амэрыканская дэлегацыя. Як мне стала вядома ад прэсавага сакратара пасла ЗША ў Вене Дэвіда Джонсана, Амэрыку падтрымалі прыбалтыйскія краіны, Швэцыя, Швэйцарыя і Польшча. Усе іншыя заявілі, што трэба ствараць такую атмасфэру, каб Беларусь станавілася на шлях дэмакратызацыі, і трэба, каб Беларусь была адкрытая для кантактаў з Эўропай.

Мне ўдалося ўзяць камэнтар ў пасла ЗША ў АБСЭ Джонсана (гл. галоўную старонку сайту – рэд.). На пытаньне, ці факт удзелу некаторых прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарах 15 кастрычніка паўплываў на тое, што міжнародная супольнасьць будзе так маштабна працаваць падчас гэтых выбараў, прыедуць людзі для маніторынгу і г.д., спадар Джонсан карэктна адказаў, што ня можа ацэньваць. Але як стала вядома, у выступах людзей, што гаварылі пра падтрымку такога рашэньня (прадстаўнікі Расеі, афіцыйная дэлегацыя Беларусі) гэты тэзіс гучаў. Казалі, што калі апазыцыя ідзе на выбары, дык можна меркаваць, што зроблены вялікі прагрэс у дэмакратызацыі выбарчага працэсу ў Беларусі.

Амбасадар Джонсан таксама зьвярнуў маю ўвагу на тэзу ў дакумэнце, што прысутнасьць тэхнічных назіральнікаў ня ёсьць паказчыкам, што гэтыя выбары будуць прызнаныя. Ён сказаў, што Злучаныя Штаты зробяць усё, каб гэтая фармулёўка дамінавала, бо паводле амэрыканскага боку, сказаў Джонсан, чатыры ўмовы ня выкананыя ўладамі, нягледзячы на тое, што ў дакумэнце зафіксаваны факт паляпшэньня сытуацыі.

Сёньня ў кулюарах шмат сустрэчаў праводзілі кіраўнік КНГ у Менску Ганс Георг Вік і старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын з прадстаўнікамі беларускай афіцыйнай дэлегацыі – з першым намесьнікамі міністра замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым і з прадстаўніком Беларусі ў СНД Гайсёнкам.

Сёньня зноў выступаў прадстаўнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі Сяргей Мартынаў. Назіральнікі кажуць, што выступ Мартынава быў моцны, лягічны, добра падрыхтаваны. На пытаньне, чаму не выступалі прадстаўнікі апазыцыі, мне адказалі, што паводле рэглямэнту, пад час паседжаньня Пастаяннай рады АБСЭ, у ёй бяруць удзел толькі прадстаўнікі ўрадаў".

(Ціхановіч: ) "Дык выглядае, што дагэтуль застаецца адкрытым пытаньне, якім будзе статус міжнароднай прысутнасьці на беларускіх выбарах?"

(Караткевіч: ) "Тлумачэньне наступнае. Гэта не называецца нават назіраньнем. Кажуць, што без тэхнічнай фіксацыі таго, што адбываецца немагчыма даць ацэнку рэальнай сытуацыі, як рэальна гэтыя выбары адбываліся. Пра гэта мне заявілі і прадстаўнікі АБСЭ, пра гэта ўчора мне сказаў і прадстаўнік Эўрапарлямэнту Ян Віерсма, і пра тое ж мне сёньня сказаў амбасадар ЗША Джонсан. Людзі прыедуць працаваць, фіксаваць факты парушэньня выбарчага працэсу або заканадаўства, або паляпшэньня сытуацыі. Людзі прыедуць для фіксацыі".

XS
SM
MD
LG