Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 жніўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 29 жніўня)
Выйшаў з друку том выбраных твораў Ларысы Геніюш. Яго падрыхтавала й выдала недзяржаўнае выдавецтва "Беларускі кнігазбор".

У знакамітай ужо чырвонай сэрыі "Беларускага кнігазбору" том выбраных твораў Ларысы Геніюш плянаваўся да выхаду ў сьвет напярэдадні 90-годзьдзя паэткі. Аднак, нягледзячы на поўнае рэдакцыйнае ды фінансавае забесьпячэньне выданьня, у дзень юбілею 9 жніўня выдаўцы не змаглі парадаваць шматлікіх ейных прыхільнікаў.

Кіраўніцтва "Беларускага Дому друку", у якім была замоўлена аддрукоўка накладу, паведаміла выдавецтву, што ў вызначаны тэрмін кніга ня выйдзе. Нібыта, з прычыны вялікае загрузкі вытворчых магутнасьцяў. Хаця, калі абмяркоўваўся гэты тэрмін, перашкодаў у друкароў не існавала. Можна толькі здагадвацца, што ўзьніклі яны па падказцы зьверху. Гэткім чынам, выдаўцы ўбачылі доўгачаканы том са спазьненьнем амаль на месяц. А сёньня, 29 жніўня ўвесь чатырохтысячны наклад кнігі ўжо знаходзіцца ў выдавецтве.

Няма сумневу, што гэтай прыгожай, у золатам цісьненай вокладцы, кнізе наканавана стаць рарытэтам ад самага выхаду з друку. Прычыны падвышанага чытацкага попыту палягаюць найперш у магіі імя аўтаркі. Усё, што выходзіла з-пад пяра спачатку маладое праскае пясьняркі, затым у адначасьсе састалелае сталінска-гулагаўскае зэчкі, і — наастатак — пажыцьцёвае зэльвенскае выгнаньніцы, патрапляла ў поле надзвычайнае ўвагі чытачоў. Адных — у душэўным і духоўным сугуччы з музаю паэткі, іншых — паводле службовага абавязку, які ня раз супадаў і з заклікам іхных цэрбэраўскіх сэрцаў. Заклікам, які, на жаль, аніяк не аціхае вакол імя й творчасьці паэткі нават пасьля таго, як ейная нескароная муза пакінула гэты сьвет.

Вядомыя і невядомыя творы Ларысы Геніюш, упершыню сабраныя "Беларускім кнігазборам" у гэтай кнізе пад аднэю вокладкаю. Многія вершы паэткі былі надрукаваныя раней толькі ў маладаступных для чытача эмігранцкіх выданьнях. 22 вершы наагул друкуюцца ўпершыню. І сярод іх легендарны верш "Партызаны", які ў 80-я гады хадзіў па руках у рукапісных варыянтах. Тым жа творам, якія былі ў зьнявечаным цэнзураю выглядзе зьмешчаныя ў трох падсавецкіх кнігах паэткі, вернутыя аўтэнтычныя аўтарскія тэксты. Што, на думку складальніка й камэнтатара тому Міхася Скоблы, зьяўляецца "першаю рэабілітацыяй паэткі".

Уключаная ў кнігу і проза Ларысы Геніюш, а гэта 12 абразкоў ды знакамітая аўтабіяграфічная аповесьць пра перажытае пекла сталінскіх гулагаў. А яшчэ аднэю адметнасьцяй выданьня ёсьць спроба выдаўцоў упершыню сабраць эпісталярную спадчыну паэткі. 42 лісты да розных вядомых людзей, улучна й да Пятра Машэрава, з болем і шчырасьцю раскрываюць увесь трагізм жыцьцёвых і творчых абставінаў легендарнае паэткі. Замовіць кнігу выбраных твораў Ларысы Геніюш можна па тэлефоне ў Менску — 227-70-27.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG