Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што cтасункі паміж Беларусьсю й Расеяй падыйшлі да небясьпечнае рысы, і яшчэ ніколі не было такога сур'ёзнага адкату, як цяпер. На думку Лукашэнкі, у такім становішчы вінаватыя прыхаваныя праціўнікі інтэграцыі ва ўладных структурах Расеі ды расейскія мас-мэдыях.

Гэтыя заявы Аляксандар Лукашэнка зрабіў пад час сустрэчы зь лідэрам расейскае Кампартыі Генадзям Зюганавым, які прыехаў у Менск сёньня ўраніцу. Афіцыйная мэта візыту — абмеркаваньне інтэграцыйных праблемаў з Лукашэнкам і сустрэчы зь беларускімі камуністамі, прычым як з праўрадавай КПБ Чыкіна, гэтак і з апазыцыйнай ПКБ Калякіна.

Паводле словаў Зюганава, перад прыездам у Менск тэму інтэграцыі краінаў СНД ён абмяркоўваў з прэзыдэнтамі Расеі ды Ўкраіны. Лідэр КПРФ таксама паведаміў, што мае намер абмеркаваць з Лукашэнкам і пытаньне выбараў у г.зв. саюзны парлямэнт. Законапраект пра правядзеньне гэтых выбараў расейская Дума будзе разглядаць у кастрычніку.

Хаця сустрэча Зюганава з Лукашэнкам і адбывалася ў дзень нараджэньня апошняга, мела яна зусім не сьвяточны характар. "Вы своечасова прыехалі, насьпела сур'ёзная размова", — такімі словамі пачаў сустрэчу Лукашэнка. Ён адразу ж прыгадаў: амаль год паміж Беларусьсю й Расеяй фактычна існуе мытная мяжа, што супярэчыць г.зв. саюзнае дамове. Ініцыятыва ў гэтай справе, паводле словаў Лукашэнкі, належыць расейскаму боку. З гэтае нагоды Лукашэнка загадаў стварыць адмысловую камісію, якая б аналізавала сытуацыю вакол мытных падаткаў і збораў.

Паводле словаў Лукашэнкі, экспэрты гэтае камісіі далажылі яму, што летась з трэціх краінаў празь Беларусь у Расею было ўвезена тавараў прыкладна на 60 мільёнаў даляраў, а з Расеі ў Беларусь — на 280 мільёнаў даляраў. На гэтай падставе Лукашэнка назваў непраўдзівымі заявы маскоўскіх праціўнікаў беларуска-расейскага саюзу пра тое, што Беларусь зьяўляецца "чорнай дзіркаю". Паводле словаў Лукашэнкі, такой дзіркаю ёсьць не Беларусь, а Расея.

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што асабліва актывізаваліся ворагі аб'яднаньня цяпер, калі ўвага "перакананага прыхільніка" інтэграцыі Ўладзімера Пуціна прыцягнутая да нядаўніх трагічных падзеяў у Расеі. Паводле словаў Лукашэнкі, ворагі саюзу праз падкантрольныя СМІ пачалі "ня проста "мачыць", а, кажучы па-беларуску, "квасіць" Пуціна".

Лукашэнка таксама перакананы, што расейскія мэдыі наўмысна не даюць аніякай інфармацыі пра беларуска-расейскі саюз. І гэта, маўляў, пры тым, што Беларусь заўжды паводзіла сябе прыстойна ў адносінах да Расеі (ня крала газу, спачувала экіпажу субмарыны "Курск" і г.д.). Калі такое становішча будзе захоўвацца й надалей, дык, на думку Лукашэнкі, Расея наогул канчаткова згубіць рэспублікі былога СССР, і няварта, маўляў, цешыць сябе надзеяй, "што яны самі прыпаўзуць у саюз".

Генадзь Зюганаў цалкам пагадзіўся з усімі аргумэнтамі Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG