Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 жніўня 2000 г.


Сёньня ў Вене прайшоў трэці раўнд міжнароднай тэхнічнай канфэрэнцыі эўрапейскіх структураў па Беларусі. Нягледзячы на тое, што паседжаньне адбывалася за зачыненымі для прадстаўнікоў Беларусі дзьвярыма, мы маем магчымасьць пазнаёміць чытачоў са зьместам "Падсумаваньня і рэкамэндацыяў", прынятым на сёньняшняй канфэрэнцыі. Са зьместу дакумэнту вынікае, што на выбары ў Беларусь усё ж можа быць пасланая тэхнічная ацэначная місія.

Падсумаваньне і рэкамэндацыі

30 жніўня 2000.

3-я тэхнічная канфэрэнцыя перагледзела ўмовы для дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў у Беларусі і атрымала справаздачы ад ураду Беларусі і ад прадстаўнікоў Кансультацыйнай рады ды іншых апазыцыйных партыяў. У сьвятле гэтых справаздачаў і на базе ацэнак, зробленых Кансультацыйна-назіральнай групай АБСЭ ў Менску, парлямэнцкая тройка і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ прынялі наступныя рэкамэндацыі для інстытуцыяў удзельнікаў канфэрэнцыі:

1. Значныя міжнародныя захады (КНГ АБСЭ, Парлямэнцкай тройкі Эўрапарлямэнту ды іншых структураў) сьведчаць аб пастаянным палітычным зацікаўленьні дапамагчы Беларусі ізноў увайсьці ў сям'ю дэмакратычнай Эўропы.

2. Некаторы прагрэс у чатырох умовах што да арганізацыі дэмакратычных выбараў быў дасягнуты, але ён ўсё ж недастатковы, каб сытуацыя ў Беларусі адпавядала ўзгодненым міжнародным крытэрыям.

3. У той час, калі Выбарчы кодэкс быў палепшаны, іншыя ўмовы для правядзеньня выбараў пакуль ня зьмененыя настолькі, каб іх можна было назваць прымальнымі.

4. Дасягнутыя ўсё ж зьмены дазваляюць, каб Бюром дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ была арганізаваная і высланая ў блізкім супрацоўніцтве з КНГ тэхнічная ацэначная місія.

5. Тэхнічная місія БДІіПЧ прадугледжвае накіраваньне выбарчых экспэртаў на прыблізна чатырохтыднёвы тэрмін.

6. У сьвятле вопыту і павагі, якія парлямэнцкая тройка (прадстаўнікі Парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ і Рады Эўропы, а таксама Эўрапарлямэнту) заслужыла ў мінулым сваім палітычным удзелам у дэмакратычным працэсе, Канфэрэнцыя заклікае іх працягваць свае кансультацыйна-маніторынгавыя функцыі падчас будучых парлямэнцкіх выбраў. Парлямэнцкая тройка павінна таксама дзейнічаць як назіральнік, каб зрабіць аб'ектыўную ацэнку выбарчага працэсу. Яна будзе блізка супрацоўнічаць з КНГ АБСЭ, з БДІіПЧ і з мясцовымі назіральнікамі.

7. Канфэрэнцыя заклікае парлямэнцкую тройку, БДІіПЧ і КНГ АБСЭ ацаніць ход выбараў і пазьнейшае разьвіцьцё падзеяў, у прыватнасьці, што да функцыяў новага парлямэнту, павагі да правоў чалвека і ўзмацненьня ўлады закону.

8. Наяўнасьць гэтай місіі Парлямэнцкай тройкі і БДІіПЧ падкрэсьлівае палітычную важнасьць, якую Эўропа надае разьвіцьцю і кансалідацыі дэмакратыі ў Беларусі. Іхная прысутнасьць падчас парлямэнцкіх выбараў у Беларусі не азначае міжнароднага прызнаньня дэмакратычнага характару гэтых выбараў або прызнаньня іх вынікаў.

9. Гэтыя рэкамэндацыі матываваныя перакананьнем што канстутыцыйны крызыс, які вынікнуў у лістападзе 1996 году, можа быць пераадолены толькі праз перамовы і дэмакратычныя выбары.

10. Гэтыя рэкамэндацыі могуць быць перагледжаныя ў выпадку паляпшэньня або пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі.

11. Дэлегацыі СНД і Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД не далучаюца да параграфа №8 гэтых рэкамэндацыяў.

XS
SM
MD
LG