Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Чарговая трагедыя ў Расеі, гэтым разам зьвязаная з пажарам на Астанкінскай тэлевежы, вымушае зьвярнуць больш пільную ўвагу на аб'екты, якія нясуць вялікую небясьпеку для Беларусі. Мы працягваем цыкаль расповедаў пра небясьпеку тэхнагэнных аварыяў у краіне. Гэтым разам гаворка пойдзе пра аб'екты энергазабесьпячэньня.

Сёньня ў Беларусі дзейнічаюць дзьве дзяржаўныя раённыя электрастанцыі і больш за два дзясяткі гарадзкіх цеплаэлектрацэнтраляў. Амаль штогод на нейкай зь іх здараюцца пазаштатныя сытуацыі. Але рэжым ведамаснае сакрэтнасьці хавае ад навакольных шэраг аварыйных сытуацыяў. Таму мала хто ведае, што энэргетычныя артэрыі маюць даволі вялікую ступень небясьпекі.

Самай магутнай на сёньняшні момант зьяўляецца Новалукомская ГРЭС з паказьнікам магутнасьці больш за 2 тыс мэгаватаў. Далей ідуць менская ТЭЦ-4, Бярозаўская ГРЭС, Наваполацкая ТЭЦ, Магілеўская ТЭЦ-2 і г.д. Менавіта ад іх і шэрагу іншых залежыць жыцьцезабесьпячэньне гарадоў. Наколькі гэтыя аб'екты бездакорныя ў сэнсе бясьпекі, я спытаў у намесьніка начальніка цэха Бярозаўскае ГРЭС Аляксандра Бубновіча…

(Бубновіч: ) "Калі казаць пра верагоднасьць трагедыі — напрыклад, пра вялікі пажар, — дык гэта, безумоўна, мазутасховішчы. Так, наш надзвычайны рэзэрв складае 70 тысячаў тонаў мазуту, і ў выпадку загараньня ліквідаваць пажар пры цяперашнім забесьпячэньні адмысловых службаў будзе вельмі складана. Абясточыцца энэргасыстэма, спыніцца прамысловасьць, транспарт…"

(Карэспандэнт: ) "Што ўяўляе найвялікшую небясьпеку пад час патэнцыйных тэрактаў?"

(Бубновіч: ) "Калі казаць пра пагрозу тэрактаў, дык асноўная небясьпека, безумоўна, гэта мазутагаспадарка".

Год таму на Новалукомскай ГРЭС адбыўся выбух газавага катла: тэхналягічныя адхіленьні прывялі да выбухованебясьпечнае канцэнтрацыі газу. Адзін чалавек загінуў. Амаль штогод на аб'ектах энэргазабеспячэньня фіксуюцца сьмяротныя выпадкі.

Увогуле, трагедыя можа стаць вынікам нават элементарнае няўважлівасьці пэрсаналу. На выхадзе да спажыўцоў працоўная тэмпэратура пары вялікага ціску складае 570 градусаў. Дзеля ахаладжэньня абмоткі гэнэратараў выкарыстоўваецца вадарод. Парушэньне нормаў бясьпекі выліваецца ў нечаканую рэакцыю.

Менавіта апошняя акалічнасьць перашкодзіла выкарыстоўваць паводле прызначэньня Менскую ТЭЦ-5. Перапрафіляваная замест плянаванай атамнай электрастанцыі ў цеплавую ТЭЦ-5, яна, паводле спэцыялістаў, пераўтварылася, так бы мовіць, у бяльмо на вачох усёй энэргетыкі. Вялізныя грошы, некалі выдаткаваныя на "мірны атам", былі змарнаваныя: пасьля Чарнобыльскае трагедыі менчукі назаўсёды адмовіліся ад сьмяротнае лётарэі, тым больш, за 40 км ад межаў сталіцы. Намер выкарыстоўваць цеплавыя турбіны ў якасьці абагрэву менскіх кватэраў так і застаўся тэарэтычным. Неабходна было стварыць такі ціск дзеля падачы пары, што цэласьць трубаводаў у выніку гэтак званых гідраўдараў ніхто не гарантаваў.

Сёньня беларускія электрастанцыі ў даволі сумным стане. Тэхнічнае пераўзбраеньне ды замена адслужыўшых свой тэрмін дэталяў не адбывалася дзесяцігодзьдзямі. На менскіх ТЭЦ-2 і ТЭЦ-3 абсталяваньне датуецца першай пасьляваеннай пяцігодкаю. Апынуцца пры такой тэхнічнай дэградацыі ў "пазаштатнай сытуацыі" зусім не складана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG