Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Напярэдадні новага навучальнага году ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэсавая канфэрэнцыя міністра адукацыі Васіля Стражава. Міністар заявіў, што 35 адсоткаў дзяцей у Беларусі вучацца па-беларуску, а 40 адсоткаў прадметаў у рускіх школах таксама выкладаюцца па-беларуску.

Міністар адукацыі паабяцаў журналістам, што 1 верасьня ў беларускіх школах нічога адметнага не адбудзецца. І гэта, на ягоны погляд, вельмі добра, бо сьведчыць пра тое, што ў школах усё падрыхтавана да новага навучальнага года — будынкі адрамантаваныя, у школах ёсьць і падручнікі, і настаўнікі.

Цяпер у Беларусі, як паведаміў Стражаў, 35 адсоткаў дзяцей атрымліваюць адукацыю ў беларускамоўных клясах ці школах. Пяць год таму гэтая лічба была большай — 45 адсоткаў. На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода датычна прычынаў гэтага памяншэньня, Васіль Стражаў адказаў наступнае:

(Стражаў: ) "Калі Вы гаворыце аб лічбах, дык яны ў апошнія часы скарачаюцца, таму што бацькі – іх ўсё меншая лічба зьяўляецца, якія хочуць, каб дзеці навучаліся на беларускай мове. Але я вось што падкрэсьлю. У так званых рускамоўных школах прыкладна сёньня каля 40 працэнтаў прадметаў выкладаюцца на беларускай мове".

Сваё стаўленьне да стварэньня Беларускага Нацыянальнага ўнівэрсытэту міністар адукацыі вызначыў наступным чынам: "У Беларусі няма патрэбы адкрываць новую навучальную установу"…

Дарэчы, сёньня, каб выправіць дзіця ў школу, бацькам трэба заплаціць ад 50 да 100 тысячаў рублёў за школьная прылады й падручнікі. Гэта апроч набыцьця абутку і адзеньня. Для параўнаньня: у чэрвені сярэдні заробак беларускага настаўніка склаў 52 тысячы рублёў за месяц.

XS
SM
MD
LG