Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 жніўня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

У вёсцы Тамашоўка Берасьцейскага раёну абрабаваны школьны музэй касманаўтыкi. У вынiку гэтага здарэньня зьнiклi асабiстыя рэчы ураджэнца гэтых мясьцiнаў Пятра Клiмука, якiя ён падарыў навучальнай установе. Праваахоўныя ворганы схiляюцца да вэрсіi, што крадзеж зьдзейсьнены з карысьлiвых мэтаў, але шмат хто ў Берасьцi лiчыць, што гэтая гiсторыя мае палiтычную афарбоўку.

Супрацоўнiкi берасьцейскае крымiнальнае мiлiцыi пакуль ня здолелi дакладна вызначыць, калi дакладна быў абрабаваны школьны музэй у Тамашоўцы, бо гэтая навучальная ўстанова зараз не працуе. Пра тое, што з музэя зьнiклi некаторыя экспанаты, праваахоўныя ворганы даведалiся ад дырэктара музэя толькi ў панядзелак, 28 жнiўня.

Невядомыя асобы ўзламалi дзьверы запаснога выхаду з музэю, што месьцiцца на першым паверсе будынку школы. З экспазыцыi зьнiклi асабiстыя рэчы вядомага касманаўта Пятра Клiмука, якi нарадзiўся ў суседняй вёсцы й вучыўся ў Тамашоўскай школе. У прыватнасьцi, былi скрадзены скафандр касманаўта, гiдракамбiнэзон, некалькi спэцыяльных касьцюмаў, якiя выкарыстоўваюцца пад час касьмiчных палётаў. Усе гэтыя рэчы Клiмук падарыў школьнаму музэю каля 20 гадоў таму.

Берасьцейская мiлiцыя робіць зараз беспрэцэдэнтныя захады, каб адшукаць злачынцаў i скрадзеныя экспанаты. Сьцьвярджаецца, што створаны адмысловыя апэратыўна-пошуковыя групы, якiя складаюцца зь лепшых сышчыкаў вобласьцi. Распрацоўваецца некалькi магчымых вэрсiяў, па адной зь якiх скрадзеныя рэчы маглi зацiкавiць замежных калекцыянэраў.

Але ў гэтай гiсторыi ёсьць i iншы бок. Вядома, што Пётар Клiмук, якi ў апошнiя гады стала жыве ў Зорным гарадку пад Масквою, прыцягнуў да сябе ўвагу гучнымi заявамi ў падтрымку аб'яднаньня Беларусi зь Расеяй i нават узначалiў гэтак званую Саюзную грамадзкую палату. Клiмуку таксама належыць iнiцыятыва ў правядзеньні ў Беларусi й Расеi рэфэрэндуму ў пытаньні ўтварэньня адзiнае дзяржавы.

Два месяцы таму прадстаўнiкi каардынацыйнае рады "Берасьцейскае пагадненьне", якая ўключае шэраг дэмакратычных арганiзацыяў гораду, зьвярнулiся з адкрытым лiстом да свайго земляка. Яны заклiкалi Клiмука не ўвязвацца ў сумнеўныя палiтычныя гульнi й адмовiцца ад удзелу ў распрацоўцы плянаў у зьнiшчэньні беларускае дзяржаўнасьцi.

Але ўжо пасьля зьяўленьня гэтага лiста Пётар Клiмук наведаў Беларусь, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам i зрабiў яшчэ больш адназначныя заявы на карысьць iнтэграцыi зь Расеяй. Таму зусiм ня выключана, што гiсторыя з абрабаваньнем школьнага музэю на Берасьцейшчыне ня мае карысьлiвых намераў, а зьяўляецца своеасаблiвай помстаю былому касманаўту з боку некаторых прыхiльнiкаў нацыянальнага беларускага Адраджэньня. Але паводле зьвестак радыё Свабода, нiводная зь берасьцейскiх палiтычных цi грамадзкiх арганiзацыяў пакуль не ўзяла на сябе адказнасьць за тое, што адбылося на радзiме Пятра Клiмука.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG