Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 жніўня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Заўтра ў Маскве пройдзе паседжаньне Савета міністраў беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы. Адной з цэнтральных праблемаў, што будуць разгледжаныя на паседжаньні, стане пытаньне ўніфікацыі мытаў, якое выклікае супярэчнасьці і канфлікты паміж бакамі.

Напярэдадні міжурадавай сустрэчы Масква паднесла саюзьніку "каштоўны падарунак" – стала вядома пра пляны расейскага ўраду зьмяніць стаўкі мытаў па больш чым 200-х таварных пазыцыях.

Афіцыйны Менск адрэагаваў на гэта публічна і даволі раздражнёна. Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Кабякоў заявіў, што "Расея прымае гэтыя зьмены ў аднабаковым парадку, хаця некаторыя зь іх вельмі адчувальныя для Беларусі". Паводле меркаваньня ўрадоўца, розьніца паміж гэтымі тарыфамі дае магчымасьць пэўным групам бізнэсмэнаў атрымліваць звышпрыбыткі.

Мытны саюз паміж дзвюма краінамі ад самага свайго стварэньня ў 1995 годзе быў крыніцай скандалаў, непаразуменьняў і ўзаемных абвінавачаньняў. Праўда, звычайна ролю пракурора выконваў расейскі бок, які сьцьвярджаў, што з-за розьніцы мытных ставак Беларусь ператварылася ў "чорную дзірку", у якую зьнікаюць немалыя грошы, якія павінныя былі патрапляць у расейскі бюджэт.

На гэты раз пракурорам выступіў беларускі бок. Галоўная прычына супярэчнасьцяў – наяўнасьць розных эканамічных інтарэсаў дзвюх розных (нягледзячы на ўсе інтэграцыі) краінаў. Як заўважыў адзін з кіраўнікоў расейскага мытнага камітэту, стаўкі мытаў можна было б уніфікаваць у тым выпадку, калі б у Беларусі "адсутнічала ўласная эканоміка". Але дадатковым чыньнікам супярэчнасьцяў зьяўляюцца і розныя ўяўленьні пра эканамічную палітыку, што існуюць ва ўрадах дзвюх краінаў. Зьмены расейскіх мытных ставак, якія выклікалі такое раздражненьне сп-ра Кабякова, прадугледжаныя антыкрызыснай праграмай, распрацаванай "штабам рэформаў" на чале з Германам Грэфам. Сустрэча беларускіх урадоўцаў з "камандаю" Грэфа, што адбылася два тыдні таму, выявіла істотную розьніцу падыходаў. Масква, як бачым, вырашыла не чакаць, пакуль саюзьнік "дасьпее" да лібэральных каштоўнасьцяў.

Як ня дзіўна, паводле афіцыйных заяваў куды большай згоды бакі здолелі дасягнуць у пытаньні ўвядзеньня адзінай валюты. На заўтрашнім паседжаньні саюзнага саўміна будзе разгледжаны праект мерапрыемстваў па ўвядзеньні агульнай грашовай адзінкі. Праўда, досьвед сьведчыць пра тое, што згода ў гэтым пытаньні нагадвае размову глухіх – кожны бок разумее яе па-свойму. Для расейцаў пераход Беларусі на расейскі рубель азначае, што па меншай меры ў пытаньні грошай Беларусь ператвараецца ў нешта кшталту Татарстану. Менск уяўляе сабе грашовае аб'яднаньне як набыцьцё ва ўласнае карыстаньне станочка, на якім можна ад душы друкаваць расейскія грошы.

Няздольнасьць вырашыць гэтую сапраўды капітальную супярэчнасьць спараджае зусім фантастычныя варыянты. Паводле словаў беларускага першага віцэ-прэм'ера Кабякова мяркуецца, што спачатку адзінай валютай стане расейскі рубель, а потым яму на зьмену прыйдзе рубель саюзны. Такім чынам у грашовым пытаньні Беларусь спачатку як бы ўвойдзе ў склад Расеі, а потым як бы выйдзе і створыць раўнапраўны саюз.

Хаця магчыма дэкляраваная згода ў гэтым пытаньні тлумачыцца зусім проста. Мяркуецца, што грашовае аб'яднаньне спраўдзіцца толькі ў 2005 годзе. Ёсьць спадзеў, што за гэты час адбудзецца столькі зьменаў, што сёньняшнюю домоўленьнасьць ніхто і не прыгадае. А раптам пад цяперашнюю згоду можна будзе атрымаць ад Масквы ўжо зараз "жывыя грошы". А то тут багата патрэбаў: пасяўная, выбары, курс даляру ізноў "паплыў".

Але гульня гэта надзвычай рызыкоўная: падаецца, што Пуцін, у адрозьненьне ад папярэдніка, ня надта схільны даваць грошы пад пустыя паперкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG