Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 жніўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

У сувязі з вылучэньнем прэзыдэнта Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімера Карагіна кандыдатам у дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў" ад Лібэральна-Дэмакратычнае партыі сярод кіраўніцтва гэтага саюзу ўзьнік раскол: частка віцэ-прэзыдэнтаў дамагаецца адстаўкі Карагіна.

Уладзімер Карагін яшчэ нядаўна быў сябрам Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, цяпер жа нечакана для многіх уступіў у ЛДПБ, і на зьезьдзе гэтае партыі быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў" па адной зь менскіх акругаў. У інтэрвію радыё Свабода спадар Карагін патлумачыў сваё рашэньне тым, што ЛДПБ за апошнія гады моцна зьмяніла сваё аблічча, стала рэальнай партыяй, прычым, у ёй цяпер прадстаўлена шмат бізнэсоўцаў.

Аднак некаторыя калегі Карагіна ў кіраўніцтве Саюзу прадпрымальнікаў палічылі такі крок сама меней памылковым. У прыватнасьці, віцэ-прэзыдэнт Саюзу Аляксандар Патупа зазначыў радыё Свабода, што сяброўства кіраўніка іхнай арганізацыі ў партыі кшталту ЛДП можа выклікаць уцягваньне Саюзу прадпрымальнікаў у палітыку гэтае партыі.

Гаворыць Аляксандар Патупа:

"Практычна ўсе віцэ-прэзыдэнты, акрамя аднаго, былі супраць, і было папярэдняе рашэньне Карагіна на паседжаньні Рады нашага саюзу адмовіцца ад балятаваньня. Такім чынам, мы былі ўведзеныя ў зман, паколькі пасьля адбылося ўступленьне Карагіна ў партыю Гайдукевіча і ягонае вылучэньне на зьезьдзе. Мая пазыцыя палягае ў тым, што ў рангу прэзыдэнта Саюзу прадпрымальнікаў гэта недапушчальнае вылучэньне. Ёсьць арганізацыі, зь якімі проста непрыстойна мець справу. Калі Ўладзімеру Карагіну асабіста гэта патрэбна, калі ласка, але як свабоднаму чалавеку, або як прадстаўніку іншай арганізацыі", — гэта быў Аляксандар Патупа.

А вось пункт гледжаньня Ўладзімера Карагіна:

"Мы ня ўдзельнічаем у палітыцы, у нас ёсьць сябры ўсіх партый, у статуце гэта не забаронена. Я працую прэзыдэнтам Саюзу прадпрымальнікаў на грамадзкіх падставах, ды іду на выбары ня толькі ад партыі, мяне вылучаюць і працоўныя калектывы. Калі я быў сябрам АГП ці выступаў на зьездах БНФ, што я тады – праводзіў у Саюзе адпаведную партыйную палітыку?.. Нічым сёньняшняе паседжаньне не закончыцца, прэзыдэнцкая Рада — гэта ня зьезд, яе рашэньні неправамоцныя. Мы, як заўсёды, па-сяброўску абмяняемся думкамі", — адзначыў Уладзімер Карагін.

Аляксандар Патупа зазначыў, што на паседжаньні Рады Саюзу прадпрымальнікаў ён будзе дабівацца, каб была прынятая рэкамэндацыя Карагіну неадкладна пайсьці ў адстаўку. Калі ж гэтая прапанова ня будзе падтрыманая бальшынёю Рады, дык з Саюзу прадпрымальнікаў гатовы сысьці сам Патупа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG