Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Міжнародная Гэльсынская фэдэрацыя разам зь Беларускім гэльсынскім камітэтам мае намер зарганізаваць маніторынг восеньскіх выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў". Паводле словаў выканаўчага дырэктара Гэльсынскае фэдэрацыі Арона Роўдза, гэты праект фінансуецца Эўрапейскім Зьвязам і будзе спрыяць выяўленьню парушэньняў у часе выбараў ды пабудове грамадзянскае супольнасьці ў Беларусі.

Пра гэтае рашэньне спадар Роўдз паведаміў сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі. Паводле ягоных словаў, маніторынг будзе ажыцьцяўляцца ў асноўным сіламі сябраў БГК (сваіх супрацоўнікаў Фэдэрацыя накіроўваць ня будзе). Спадар Роўдз паведаміў, што маніторынг ня ёсьць афіцыйным назіраньнем за выбарамі і ён не вядзе да аўтаматычнага прызнаньня вынікаў галасаваньня легітымнымі. Міжнароднае прызнаньне будучага парлямэнту ёсьць вышэйшай адзнакаю, якую можа паставіць беларускім уладам міжнародная супольнасьць. Але, на думку Арона Роўдза, наўрад ці афіцыйны Менск здасьць гэты іспыт на выдатна, бо вядомыя патрабаваньні міжнародных арганізацыяў так і засталіся ня выкананымі.

Чаму ж рашэньне пра правядзеньне маніторынгу было прынята Гэльсынскай фэдэрацыяй напярэдадні заўтрашняе канфэрэнцыі ў Вене, і ці зьбіраецца Фэдэрацыя каардынаваць свае дзеяньні зь міжнароднымі структурамі, якія заклапочаныя сытуацыяй у Беларусі?

Гаворыць Арон Роўдз:

"Гэтая канкрэтная нашая праца каардынуецца зь місіяй АБСЭ ў Менску. Што тычыцца тэхнічнае канфэрэнцыі заўтра, калі нехта захоча зьвярнуцца да нас, мы дадзім свае адказы, але ў нас няма канкрэтных прапановаў уплывовым міжнародным структурам, што ім рабіць у справе накіраваньня назіральнікаў. Вядома, што АБСЭ ды іншыя буйныя эўрапейскія арганізацыі асьцерагаюцца, што любое іхнае рашэньне можа быць выкарыстанае беларускімі ўладамі ў сваіх мэтах, таму яны вельмі асьцярожныя".

Паведаміў выканаўчы дырэктар Міжнароднае Гэльсынскае фэдэрацыі Арон Роўдз.

Паводле словаў старшыні БГК Тацяны Процькі, маніторынг будзе праводзіцца галоўным чынам у тых акругах, дзе балятуюцца г.зв. дэмакратычныя кандыдаты і тыя прэтэндэнты, якіх актыўна падтрымлівае ўлада. Намесьнік Тацяны Процькі Гары Паганяйла, які сам прэтэндуе на дэпутацкі мандат, заявіў, што на час выбарчае кампаніі адыходзіць ад актыўнае дзейнасьці ў БГК. На думку Тацяны Процькі, падобнае рашэньне неўзабаве прымуць і іншыя сябры БГК, якія ўдзельнічаюць у восеньскіх выбарах.

Камэнтуючы скандал у Гэльсынскім камітэце, Арон Роўдз сказаў, што гэта звычайная справа, калі ў рамках адной арганізацыі сутыкаюцца людзі з рознымі поглядамі. Ён спадзяецца, што ўсе непаразуменьні будуць вырашаныя цывілізаваным шляхам. А Тацяна Процька наогул лічыць, што ўвесь гэты скандал адмыслова разьдзьмуты некаторымі журналістамі, якіх яна назвала несумленнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG