Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 жніўня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Адбылося паседжаньне працоўнае групы Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, на якім абмяркоўваўся ўдзел гэтак званага трэцяга сэктару ў восеньскай выбарчай кампаніі. Працоўная група Асамблеі, у якую ўваходзяць блізу 400 калектыўных сябраў, пацьвердзіла сваё далучэньне да байкоту выбараў і ўдзел у зборы подпісаў за правядзеньне ініцыяванага дэмакратычнымі партыямі рэфэрэндуму.

Удзельнікі паседжаньня адзначалі, што ўдзел грамадзкіх арганізацыяў у маючым адбыцца байкоце выбараў выклікае нэрвовую рэакцыю з боку ўладаў, бо такім чынам трэці сэктар узмацняе ўплыў дэмакратычнай апазыцыі на настроі выбаршчыкаў.

Так, мясцовыя ўлады ў Віцебскай вобласьці пакідаюць без адказу лісты ад грамадзкіх аб'яднаньняў з прозьвішчамі вылучаных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі. Выступоўцы занепакоеныя тым, што апошнім часам шэраг грамадзкіх арганізацыяў — сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Цэнтар правоў чалавека — атрымалі папярэджаньні зь Міністэрства юстыцыі.

Нягледзячы на тое, што ў тэксьце папярэджаньняў няма згадкі пра ўдзел у выбарчай кампаніі, эскпэрт Праваабарончага цэнтру «Вясна» Барыс Гюнтар лічыць, што такім чынам улады будуць нэйтралізоўваць дзейнасьць няўрадавых грамадзкіх аб'яднаньняў у выбарчай кампаніі.

(Гюнтар: ) «Нас цікавіць «гарачая восень» з нагоды таго, што мінюст робіць накат на ўсе праваабарончыя арганізацыі з-за таго, што ўлады баяцца іх дзейнасьці. Бо гэтыя арганізацыі занялі актыўную пазыцыю ў падтрымку байкоту выбараў , і нашыя супрацоўнікі, канешне, будуць назіраць за працэсам выбараў, што будуць праходзіць у дзяржаве на працягу гэтых 1,5-2 месяцаў. Мы будзем штодзённа чакаць папярэджаньня. Дзейнасьць уладаў будзе накіраваная на тое, каб спыніць дзейнасьць НГА».

На паседжаньні абмяркоўваліся формы ўдзелу грамадзкіх арганізацыяў у кампаніі зрыву выбараў. Яны будуць ладзіць пікеты па ўсёй краіне, пад час якіх растлумачаць людзям сутнасьць байкоту. Грамадзкія арганізацыі таксама далучацца да правядзеньня сэрыі апазыцыйных вулічных акцыяў.

Асаблівую ўвагу Асамблея няўрадавых арганізацыяў надае ролі назіральнікаў. Усе парушэньні на выбарчых участках будуць фіксавацца, каб пасьля дамагчыся прызнаньня вынікаў галасаваньня несапраўднымі.

Другі кірунак дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў бліжэйшым часам — збор подпісаў, які ініцыявала дэмакратычная апазыцыя, за правядзеньне рэфэрэндуму, каб прымусіць улады выканаць вядомыя чатыры ўмовы дзеля правядзеньня сапраўды свабодных дэмакратычных выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG