Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Напярэдадні міжнароднай канфэрэнцыі ў Вене расейскі бок падтрымаў афіцыйныя беларускія ўлады. Прычым, асаблівую актыўнасьць у гэтым кірунку выяўляюць міністар замежных справаў Ігар Іваноў і вядомы разьведчык і дыплямат Яўген Прымакоў.

Пазыцыю беларускіх уладаў на канфэрэнцыі ў Вене ва ўзгадненьні з Масквою будзе адстойваць першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Ён ужо знаходзіцца ў сталіцы Аўстрыі. Пакуль, праўда, невядома, ці будзе яму афіцыйна перададзены статус кіраўніка беларускае ўрадавае дэлегацыі, які дагэтуль належаў амбасадару Беларусі ў Аўстрыі і пры АБСЭ Віктару Гайсёнку.

Менавіта Мартынаў два тыдні таму сустракаўся з генэральным сакратаром Рады ЭўраЗьвязу Хаўерам Саланам. Прычым, размаўлялі яны ў курортным гарадку Гішпаніі, дзе ў гэты час спадар Салана праводзіў свой адпачынак.

Зразумела, што на такі надзвычайны крок Хаўер Салана мог пайсьці толькі на нейчую вельмі важную просьбу. Імя чалавека, які так моцна паўплываў на генэральнага сакратара Рады ЭўраЗьвязу, і раней называлі ў палітычных кулюарах. А сёньня былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў назваў яго публічна. Гэта — Яўген Прымакоў.

Тут самы раз нагадаць пра нечаканы візыт Прымакова ў Менск 28 ліпеня і ягоную сустрэчу з Лукашэнкам. Тады мясцовыя палітычныя аглядальнікі вельмі зьдзвіліся афіцыйнай нагодзе іхнае размовы — урэгуляваньню прыднястроўскага канфлікту. Цяпер зразумела, што названая тэма, хутчэй за ўсё, не была галоўнаю. Менавіта тады, як мяркуе Андрэй Саньнікаў, Прымакоў паабяцаў Лукашэнку сваю дапамогу.

Падтрымаць беларускія ўлады вырашыў і міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў. Стала вядома, што ён зьвярнуўся зь лістом да 52 сваіх калегаў, чые краіны ўваходзяць у склад АБСЭ. Спадар Іваноў просіць улічыць складанасьць беларускае сытуацыі, падтрымаць пэўныя, на ягоны погляд, дэмакратычныя зьмены ў Беларусі й прагаласаваць за накіраваньне міжнародных экспэртаў на парлямэнцкія выбары 15 кастрычніка.

Чаму Расея пайшла на такі крок дзеля падтрымкі Лукашэнкі? Гэтае пытаньне я задаю кіраўніку дэлегацыі палітычнай апазыцыі ў Вене Анатолю Лябедзьку…

(Лябедзька: ) "Няма нічога дзіўнага, таму што на працягу амаль 6 гадоў Расея выступае як адвакат беларускага рэжыму на міжнароднай арэне. Зараз надыйшоў надзвычай актуальны прамежак часу, калі вырашаецца лёс беларускага рэжыму. У значнай ступені зразумела, што пачынаецца прэзыдэнцкая кампанія, і Расея сёньня дэманструе, што Лукашэнка зьяўляецца фаварытам для афіцыйнага Крамля. І таму расейскія палітыкі Іваноў і Прымакоў робяць пэўныя захады і дэманструюць свае сымпатыі да чалавека, які мае імідж аўтарытарнага дзеяча, блізкага да Мілошавіча. На самай справе Прымакоў рабіў такую чаўночную дыпляматыю і падрыхтоўваў глебу для сустрэчы Мартынава і Саляны. Нам, беларускай апазыцыі, як заўсёды даводзіцца весьці барацьбу ня толькі з рэжымам унутры, але на міжнароднай арэне – яшчэ і з магчымасьцямі Расейскай Фэдэрацыі. Прагназаваць пакуль я не бяруся, але пазыцыя Расеі абсалютна зразумелая і відавочная".

Гэта быў Анатоль Лябедзька.

З другога боку, амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў АБСЭ Дэвід Джонсан днямі заявіў, што накіраваньне міжнародных назіральнікаў на выбары ў "Палату прадстаўнікоў" было б памылкаю. Як ацэньвае гэтую заяву спадар Лябедзька?

(Лябедзька: ) "Ёсьць заява амбасадара, і я не хацеў бы тут, як кажуць, і не перабольшваць, і не недаацэньваць тыя захады, якія зробленыя. Разам з тым, практыка паказвае, што ў міжнародных парлямэнцкіх структурах, калі Расея рабіла нейкія вялікія намаганьні і ціск, то гэта бумерангам спрацоўвала назад".

Гэта быў Анатоль Лябедзька.

Перад самым адлётам у Вену спадар Лябедзька сказаў, што не выключае сытуацыі, пры якой рашэньне тэхнічнае канфэрэнцыі ў Вене будзе аб'яўлена не 30, а 31 жніўня.

XS
SM
MD
LG