Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 жніўня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Вена

Заўтра ў Вене адбудзецца рабочае паседжаньне АБСЭ, на якім Эўропа вызначыць, ці рэкамэндаваць міжнароднай супольнасьці пасылаць назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусь. Зь Вены перадае нашая спэцыяльная карэспандэнтка Вольга Караткевіч.

Прынятае заўтра рашэньне будзе агалошанае ў чацьвер, 31 жніўня. Гэта зробіць кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс Георг Вік. Заўтра, 30 жніўня, адбудзецца апошняя дыскусія і паседжаньне рабочай групы.

Праграма наступная. Першымі сваю заяву і аргумэнты, чаму варта пасылаць назіральнікаў на выбары ў так званую Палату прадстаўнікоў, прадставяць пасланцы беларускіх уладаў. У склад групы дакладна ўваходзіць пасол Беларусі ў АБСЭ Гайсёнак, і плянуецца ўдзел намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Мартынава. Прадстаўляць пазыцыю афіцыйнага Менску ў выступе будзе Гайсёнак. Пасьля гэтага з тлумачэньнем рэальнай сытуацыі ў Беларусі для правядзеньня выбараў, якія б можна было назваць дэмакратычнымі, выступіць намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі, лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Нагадаю, што ад беларускай апазыцыі ў Вену прыехаў і старшыня партыі БНФ "Адраджэньне" Вінцук Вячорка. Пасьля гэтых выступаў прадстаўнікі Беларусі мусяць пакінуць залю паседжаньняў – далей абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі пойдзе за зачыненымі для беларусаў дзьвярыма. Вядома, што ў сустрэчы возьмуць удзел Старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын, Генэральны сакратар АБСЭ Ян Кубіш, Генэральны сакратар Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Спэнсар Олівэр. Цікава, што ад СНД у паседжаньні хутчэй за ўсё будзе браць удзел прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Булахаў.

Сёньня Анатоль Лябедзька яшчэ раз адзначыў, што сытуацыя неадназначная – сёньня ўвечары яны разам з Вінцуком Вячоркам паставяць кропку пад заяваю, якая мусіць пераканаць Эўропу, што патрабаваныя міжнароднай супольнасьцю чатыры ўмовы для дэмакратызацыі выбарчага працэсу беларускія ўлады ня выканалі.

Дарэчы, як стала вядома, старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Аўстрыі Бэніта Фэрэра Вальднэр адказала Аляксандру Лукашэнку на ліст, у якім ён выступаў з прапановамі дэмакратызаваць выбары. Адказ АБСЭ ў асобе старшыні быў: безумоўнае выкананьне чатырох патрабаваньняў АБСЭ як фактар для магчымага маніторынгу выбараў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG