Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Юры Дракахруст

20 год таму адбылася падзея, якая стала пачаткам канца ўсясьветнага камунізму – у Польшчы паўстаў рух "Салідарнасьць". Сёньня ў Менску распачынаецца двухтыднёвая праграма сьвяткаваньня ўгодкаў, наладжаная польскай амбасадай і Польскім інстытутам…

20-ці гадовы юбілей – ня надта ўдалая дата. Заваяваная свабода стала ўжо звыклай, жах "чырвонай бездані", з якой палякі выцягнулі сябе, ужо часткова забыўся. З другога боку, кожная рэвалюцыя прыносіць пэўнае расчараваньне: яна спараджае такія вялікія надзеі, якія ня спраўджваюць ніякія посьпехі. Нарэшце, падзеі 20-гадовай даўніны – гэта не сівая мінуўшчына, што адлілася ў граніт помнікаў: дзеячы тых часоў і зараз – актыўныя ўдзельнікі палітычнага працэсу.

У Сэйме пры абмеркаваньнні рэзалюцыі, прысьвечанай угодкам "Салідарнасьці", узнікла нават спрэчка: ці прыгадваць у ёй імя Лэха Валэнсы. Нездарма сёньня прэзыдэнт Квасьнеўскі заявіў, што гэтая гадавіна можа стаць агульнанацыянальным сьвятам не раней, чым праз поўстагодзьдзя.

І ўсе ж такі сёньня палякі, а зь імі і ўвесь свабодны сьвет, адзначаюць адну з самых вялікіх падзей XX стагодзьдзя. Прыгадаем, што 20 год таму здавалася, што камунізм – ці не назаўжды. "Чырвоная пухліна" распаўзалася па ўсёй плянэце, раськідваючы мэтастазы ў Азію, Афрыку, Лацінскую Амэрыку. Яна нідзе не адступала, нічога не аддавала назад свабоднаму сьвету.

Захад практыкаваў тады дактрыну "стрымліваньня", сутнасьць якой палягала ўсяго толькі ў спробах абмежаваць гэтагае распаўзаньне. Пра зьнішчэньне камунізму не было і гаворкі, сыстэма здавалася маналітнай знутры: апазыцыйнасьць за "жалезнай заслонай" была лёсам невялічкіх груповак інтэлектуалаў-дысыдэнтаў.

І раптам адбыўся цуд. Чарговы выбух супраціву стварыў новую рэчаіснасць, якая ўзяла сабе сымбалічнае імя - "Салідарнасьць". Узьнікненьне масавага народнага рабочага антыкамуністычнага руху не маглі прадказаць ані камуністы, ані антыкамуністы. "Салідарнасьць" стала сьмяротным ударам і па палітычным падмурку сыстэмы, што была пабудаваная на прымусовым адзінадумстве, і па ідэалягічнай ілжы – польскі пралетарыят, насуперак прадказаньню Маркса, падняў лапату, каб вырыць дол для камунізму. Гэта яшчэ не было перамогаю, гэта было нараджэньнем надзеі, зь якой пачынаецца кожная перамога. І ці не галоўнае – стала відавочным, што маналіту няма, што "чырвоную пухліну" можна прымусіць адступіць.

Гэта імпульс, гэтую надзею ня здолелі зьнішчыць ані пагроза савецкай інтэрвенцыі, ані змрочныя гады ваенага становішча. Расколіна працягвала паглыбляцца: дух "Салідарнасьці" прарываўся ня толькі скрозь муры вязьніц, але і сягаў праз межы Польшчы. І праз 11 гадоў пасьля стварэньня "Салідарнасьці" сыстэма, якая паўстагодзьдзя наводзіла жах на ўвесь сьвет, рухнула і ў самым сваім сэрцы – у СССР.

Памятаю, як пад час красавіцкіх страйкаў у Беларусі ў 1991 годзе нехта сказаў: "Шлях, які польская "Салідарнасьць" прайшла за 10 год, беларускія рабочыя прабеглі за месяц". Так не атрымалася, але досьвед "Салідарнасьці" і дагэтуль значны для беларусаў, як мала для каго. І ня столькі ў тэхналягічным сэнсе, колькі ў маральным – ён сьведчыць пра тое, што свабоду нельга задушыць назаўжды.

XS
SM
MD
LG