Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Тэракты ў Маскве й Рызе падштурхнулі да больш рашучых дзеяньняў і беларускія ўлады. Але часам гэтыя дзеяньні даволі дзіўныя. Так, у Менску адмысловым загадам Менскага гарадзкога выканкаму забаронены продаж:дзіцячых цацачных пісталетаў.

За невыкананьне загаду, падпісанага асабіста старшынём гарадзкога выканкаму Міхалам Паўлавым, прадпрымальнікам пагражае пазбаўленьне ліцэнзіі. Увесь, так бы мовіць, вайсковы арсэнал кітайскае вытворчасьці павінен быць тэрмінова прададзены або зьнішчаны да канца жніўня, г.зн., у школы дзеці мусяць пайсьці цалкам "абяззброеныя".

Гэта ня першая спроба змагацца з тэрарызмам шляхам забароны на продаж тых ці іншых тавараў. Напярэдадні Новага году з камэрцыйных шапікаў былі канфіскаваныя петарды, хлапушкі, бэнгальскія агні ды іншыя сьвяточныя атрыбуты. Тады ў якасьці асноўнае матывацыі фігураваў клопат пра здароўе дзяцей. Чым выкліканая цяперашняя канфіскацыя, здавалася б, бяскрыўдных імітатараў зброі, я пацікавіўся ў гарвыканкамаўскіх чыноўнікаў…

"Рашэньне на забарону продажу пісталетаў з плястмасавымі шарыкамі, сапраўды, падпісанае. У нас ёсьць ліст зь Міністэрства аховы здароўя, дзе таксама даецца згода на забарону. Таму ў адным з пунктаў рашэньня гаворыцца — той, хто будзе гандляваць надалей, будзе пазбаўлены ліцэнзіі на права розьнічнага гандлю. Адміністрацыі раёнаў мусяць інфармаваць прадпрымальнікаў, бо ў гандлі дзяржаўным такія тавары не прадаюцца — толькі ў камэрцыйных шапіках", — паведамілі ва ўправе гандлю Менскага гарадзкога выканакаму.

Адпаведныя антытэрарыстычныя захады зробленыя і іншымі дзяржаўнымі ведамствамі. Так, памежныя службы атрымалі дырэктыву ўзмацніць кантроль на ўсіх пераходах. Аналягічнымі інструкцыямі карыстаюцца й мытныя службы. Пра гэта сьведчаць тыя грамадзяне, каму апошнім часам прыйшлося больш звычайнага прастаяць у чэргах на мяжы. Супрацоўнік інфармацыйнага цэнтру МУС Юры Кур'яновіч не пацьвердзіў наяўнасьці надзвычайных захадаў, але ўскосна даў зразумець, што рэжым падвышанае ўвагі для сілавікоў пачаўся пасьля выбуху ўвесну на праспэкце Машэрава аўтамабіля Форд-Скорпіо:

(Кур'яновіч: ) "Адмыслова быццам аніякае пастановы не выходзіла, да выбухаў у Рызе ці Маскве наша дзейнасьць не прывязаная. Адзінае, дык гэта пасьля нарады 17 жніўня ў прэзыдэнта была атрыманая каманда ўзмацніць пералік захадаў. Але ўвогуле кожная служба займаецца сваёй працаю. Камітэт барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю таксама што трэба адсочвае".

На справе сытуацыя выглядае крыху йнакш. Татальныя праверкі транспарту сталі звычайнай справаю нават для жыхароў Менску. Праверкі багажнікаў ды салёнаў аўтамабіляў на наяўнасьць зброі і выбуховых прыстасаваньняў праводзяцца па ўсёй сталіцы, а таксама ў абласных цэнтрах. Абавязкова спыняюцца аўтамабілі з расейскімі, летувіскімі ды іншымі нумарамі. Яшчэ больш узмоцнены пашпартны кантроль асобаў каўкаскага паходжаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG