Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

У Берасьці, паводле абвінавачваньня ў атрыманьні хабару, арыштаваныя дырэктар мясцовай мэдычнай вучэльні Віктар Сакалоў і загадчыца аднаго з адзьдзяленьняў Галіна Міхайлава. Ня выключана, што сьпіс затрыманых можа павялічыцца…

Паводле афіцыйнай інфармацыі, загадчыца сястрынскага адзьдзяленьня Берасьцейскай мэдычнай вучэльні Галіна Міхайлава была затрыманая на мінулым тыдні пад час атрыманьня сямісот амэрыканскіх даляраў ад бацькоў аднаго з абітурыентаў.

Ужо першыя сьледчыя дзеяньня супрацоўнікаў абласной пракуратуры прымусілі затрымаць дырэктара навучальнай установы Віктара Сакалова.

Паводле апошніх дадзеных супраць абодвух адказных асобаў вучэльні заведзеныя крымінальныя справы. Ім інкрымінуецца атрыманьне хабару агульным памерам 1400 даляраў ЗША.

Зараз і Міхайлава, і Сакалоў утрымліваюцца ў сьледчым ізалятары Берасьця.

У шэраговых супрацоўнікаў мэдычнай вучэльні паведамленьне пра арышт кіраўнікоў ня выклікала рэзанансу. Шмат хто з выкладчыкаў увогуле не зьдзівіліся фактам затрыманьня Віктара Сакалова за хабар.

Рэч у тым, што мэдычная вучэльня ў Берасьці лічылася прэстыжнай установай, дзе існуе вялікі конкурс, што й спараджала чуткі пра хабарніцтва ў вучэльні. Раней праваахоўчыя ворганы не маглі пацьвердзіць гэтую інфармацыю рэальнымі фактамі.

Віктар Сакалоў кіраваў вучэльняй каля 25 гадоў. І амаль увесь час адбываўся ператрус кадраў. Справа зайшла да таго, што амаль усе адказныя пасады занялі альбо сваякі Сакалова альбо загадчыцы адзьдзяленьня Міхайлава.

Напярэдадні ўступных экзамэнаў некаторыя з выкладчыкаў вучэльні зьвярталі ўвагу вораганаў, што менавіта сваякі Сакалова ўключаныя ў склад прыёмных камісіяў. Адпаведнай рэакцыі не дачакаліся.

У многіх мэдычных установах Берасьцейшчыны занепакоеныя нізкім узроўнем адукацыі выпускнікоў мэдычнай вучэльні. Выкладчыкі лічаць мэтазгодным ацаніць веды студэнтаў, прынятых сёлета.

XS
SM
MD
LG