Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прыкладна праз тыдзень дэпутат Андрэй Клімаў будзе накіраваны для адбыцця пакараньня ў адну з калёніяў строгага рэжыму. Жонцы Ўладзімера Кудзінава адмовілі ў выкананьні абавязкаў абаронцы ейнага мужа. Зінаіда Ганчар патрабуе ад сьледчых у справе зьнікненьня Віктара Ганчара выклікаць на допыт дарадцу Лукашэнкі палкоўніка Посахава. Жонка экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі Вольга Захаранка знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе сустракаецца з журналістамі й грамадзкасьцю краіны, каб давесьці праўду пра падзеі ў Беларусі.

Цэнтальнай падзеяй мінулага тыдня стала вырашэньне ў гарадзкім судзе Менску лёсу касацыйнае скаргі дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава на прысуд у выглядзе шасьці гадоў калёніі і канфіскацыі маёмасьці. Нажаль, спадзяваньні на лепшае не спраўдзіліся. Калегія гарадзкога суда скаргу не задаволіла і гэта азначае, што прысуд набывае сілу, і празь нейкі час Клімава этапуюць зь менскага ізалятару, дзе ён правёў два з паловаю гады, у калёнію строгага рэжыму. На пытаньне, як Клімаў адрэагаваў на рашэньне гарадзкіх судзьдзяў жонка дэпутата Тацяна Леановіч адказала:

(Леановіч: ) "Учора мы бачыліся, ён быў такі… канешне, ён быў задаволены, што мы сустрэліся, але ён сапараўды быў у шоку, усё ж спадзяваньні на справядлівасьць гарадзкіх судзьдзяў у яго былі, бо ўсе юрысты кажуць, што няма складу злачынства ў тых дзеяньнях, за якія яго асудзілі".

Паводле ейных зьвестак, ужо на наступным тыдні можа вырашыцца, дзе будзе сядзець Андрэй Клімаў. Нагадаю, судзьдзі прызначылі яму адбываць пакараньне нават не ў звычайнай калёніі, а ў калёніі строгага рэжыму, а такіх у Беларусі няшмат. У прыватнасьці, зоны строгага рэжыму ёсьць у Воршы, у Менску і яшчэ ў некаторых гарадох. Але пасьля Аляксея Шыдлоўскага і Ўладзімера Кудзінава ў менскую калёнію палітычных вязьняў ўлады больш не накіроўваюць, відаць, каб менш турбавалі наведвальнікі ад розных праваабарончых і міжнародных арганізацыяў. Таму , на думку назіральнікаў, хутчэй за ўсё і Андрэя Клімава накіруюць куды далей ад сталіцы.

Калега Клімава па Вярхоўнаму Савету Ўладзімер Кудзінаў так і не дамогся таго, каб зь яго зьнялі пакараньне за парушэньне рэжыму, як гэта было зроблена ў дачыненьні іншых вязьняў, якія разам з Кудзінавым пасьпяхова згулялі ў шахматным турніры. Пра гэта Ўладзімер паведаміў у лісьце дадому. Патлумачу, чаму зьвяртаю на гэта ўвагу. Для нас, вольных людзей, такія праблемы, магчыма, падаюцца драбязою, але для вязьняў гэта вельмі істотна. Бо кожнае незьнятае пакараньне – перашкода для амністыі ці хаця б для зьмяньшэньня тэрміну.

Тым больш крыўдна, што гэта ня першая дыскрымінацыя менавіта Кудзінава і ягоных родных. Вось жонка Кудзінава Зоя днямі атрымала з камітэту выкананьня прысудаў адмову на прозьбу выконваць абавязкі абаронцы свайго мужа. Атрыманьне такога статусу дазволіла б ёй часьцей сустракацца з мужам у калёніі, але нашыя ўлады, відаць, маюць на гэты конт своё меркаваньне.

(Кудзінава: ) "Я зьвярнулася ў АБСЭ. АБСЭ зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд. Канстытуцыйны суд прыслаў такое рашэньне: абаронцамі асуджаных могуць быць таксама й родныя. Тады я паслала заяву і атрымала адказ".

Цяпер пра справы зьніклых. Станоўчых вынікаў тут пакуль аніякіх, але некаторыя навіны ўсё ж ёсьць. Транспартны пракурор Мікалай Каралюк заявіў у справе Зьмітра Завадзкага, што ў дачыненьні да ягонага зьнікненьня падазраюцца ўжо ажно пяць чалавек, з усімі вядуцца сьледчыя дзеяньні. Добра што вядуцца, але знайсьці апэратара ОРТ Завадзкага гэта чамусьці не дапамагло. Пры гэтым пракурор з упэўненасьцю паўтарае, што справа ня мае нічога агульнага з палітыкаю. Калі такая ўпэўненасьць, дык чаму няма ані слова пра сапраўдны лёс Зьмітра Завадзкага, узьнікае пытаньне да пракурора.

Задаць пытаньне сьледчаму прапануе і жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда. Яна хоча высьветліць у спадара Новікава, які расьсьледуе факт зьнікненьня Ганчара, чаму той не прыняў да ўвагі словы дарадцы Лукашэнкі палкоўніка Посахава, які на мінулым тыдні казаў па тэлевізіі, што да зьнікненьня Ганчара маюць дачыненьне замежныя спэцслужбы? Зінаіда Ганчар патрабуе ўмяшацца пракуратуру й КГБ, калі сьледчы Новікаў не дае рады:

"Хай правядуць допыт Посахава, калі ён ведае, якія гэта зрабілі спэцслужбы, хаё іх назаве або не ўводзіць у зман грамадзкасьць краіны, не перакідвае адказнасьць за тое, што ў нас робіцца на нейкія замежныя сілы", – заяўляе Зінаіда Ганчар.

Дарэчы, некалькі словаў на тэму, што ведае нашая грамадзкасьць пра справы зьніклых. Жонка экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі Вольга з дачкою на запрашэньне адной нямецкай дабрачыннай арганізацыі знаходзяцца зараз у Нямеччыне, у горадзе Мюнстар. Пра мэты гэтае паездкі Вольга Захаранка распавяла мне па тэлефоне:

"Нешта тут робім, што ўдаецца, сустракаемся зь людзьмі, з журналістамі, вось заўтра ў нас будзе сустрэча з журналістам з радыё, распавядаем ім пра нашыя падзеі, дык не адразу разумеюць, цяжка ім зразумець, што вось так нікуды могуць зьнікаць вядомыя палітыкі", – кажа Вольга Захаранка, і пры гэтым выказвае вялікую ўдзячнасьць немцам за падтрымку. І згадвае, што на адной з сустрэчаў сутыкнулася зь беларускімі жанчынамі, якія нядаўна прывезьлі сваіх дзетак на адпачынак у Нямеччыну. Жанчыны гэтыя аказаліся цалкам неінфармаванымі пра падзеі ў роднай Беларусі, яны нават ня ведалі, што ў нас зьнікаюць вядомыя палітыкі, у тым ліку Юры Захаранка.

Вольга Захаранка лічыць гэтую неінфармаванасьць адным са страшэнных злачынстваў уладаў супраць народу Беларусі.

(Захаранка: ) "Так што людзі нават ня ведаюць, што адбылося з Захаранкам. Можа яны й ня ведаюць, хто такі Захаранка".

І апошняя інфармацыя – учора Кіраўскі раённы суд, вядомая судзьдзя Надзея Чмара пачала разглядаць пазоў калгасу "Расьвет" да былога міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава, які ўжо два з паловаю гады як пазбаўлены волі. Рашэньне ў пазову не прынятае, справа адкладзеная да 5 верасьня, гэты час дадзены прадстаўнікам Лявонава для падрыхтоўкі сваіх аргумэнтаў, – паведаміла "Радыё Свабода" судзьдзя Надзея Чмара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG