Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Беларуская Асамблея няўрадавых арганізацыяў мае намер распачаць кампанію ў абарону тых аб'яднаньняў, якім улады адмаўляюць у рэгістрацыі. На 15 верасьня заплянаваны мітынг пратэсту ў Менску й пікеты ў сямі іншых гарадох Беларусі.

Пра намер няўрадавых арганізацыяў уключыцца ў барацьбу за правы сваіх сябраў паведаміў сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі старшыня рабочае групы Асамблеі, кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі. На ягоную думку, за апошні год ўлады прыклалі шмат намаганьняў, каб нэўтралізаваць дзейнасьць беларускіх арганізацыяў трэцяга сэктару. Галоўнай перашкодаю для нармальнае дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў стала іх перарэгістрацыя паводле адпаведнага дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі.

На думку спадара Бяляцкага, а таксама кіраўніка выканаўчага бюро Асамблеі Алеся Мазура і прадстаўніцы арганізацыі "Незалежнае таварыства праўных дасьледваньняў" Алены Танкачовай, у часе гэтае перарэгістрацыі Міністэрства юстыцыі і адмысловая камісія на чале з Уладзімерам Замяталіным рабілі ўсё, каб ня выдаць рэгістрацыйнае пасьведчаньне як мага большае колькасьці сябраў Асамблеі. У выніку, з больш чым 400 грамадзкіх аб'яднаньняў, што ўваходзяць у Асамблею, легальна цяпер дзейнічаюць толькі каля 200. Гаворыць Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Натуральная патрэба любой аўтарытарнай улады – спрабаваць трымаць пад кантролем усё, што можна. Што датычыцца прафсаюзаў, палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў…Трэці сэктар застаецца найбольш незалежным. Тут любая дзяржава мусіць быць зацікаўленая наладзіць дыялёг з грамадзкімі арганізацыямі, бо яны дазваляюць адчуць пульс жыцьця".

Некалькі дзён таму чарговыя папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі атрымалі арганізацыі "Грамадзянскі Форум" і "Цэнтар правоў чалавека", шмат якім арганізацыям адмаўляюць у рэгістрацыі. Каб больш эфэктыўна адстойваць іхныя правы, Асамблея няўрадавых арганізацыяў зьбіраецца стварыць уласную юрыдычную службу, а 15 верасьня ў Менску пройдзе мітынг пратэсту супраць свавольства ўладаў у дачыненьні да трэцяга сэктару. У сямі іншых гарадох краіны пройдуць пікеты пратэсту.

Асамблея выдала на беларускай і ангельскай мовах брашуру пад назваю "Перарэгістрацыя", у якой прыводзяцца факты парушэньня ўладамі правоў грамадзкіх арганізацыяў. Асобнікі гэтае кніжкі будуць накіраваныя ў АБСЭ, Раду Эўропы, ЭўраЗьвяз, ААН, ды іншыя міжнародныя арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG