Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Кандыдаты ў дэпутаты гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў» Вольга Абрамава, Уладзімер Навасяд і Аляксандар Фядута накіравалі на адрэсу Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску і амбасады Францыі, цяперашняе старшыні ў ЭўраЗьвязе, ліст з просьбаю запрасіць іх на паседжаньні тэхнічнае канфэрэнцыі АБСЭ ў Вене. Яны хацелі б выкласьці сваю пазыцыю адносна прысутнасьці міжнародных назіральнікаў на восеньскіх выбарах у Беларусі.

Дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Вольга Абрамава, Уладзімер Навасяд і журналіст Аляксандар Фядута лічаць накіраваньне міжнародных назіральнікаў неабходным. І аргумэнтуюць свой пункт гледжаньня. Так, байкот выбараў дэмакратычнымі партыямі прывядзе да падману чаканьняў беларускіх выбаршчыкаў, а адсутнасьць назіральнікаў можа прывесьці да яшчэ больш жорсткае палітыкі кіруючага рэжыму. Урэшце, на думку аўтараў ліста, адсутнасьць міжнародных назіральнікаў на выбарах у парлямэнт можа прывесьці да аўтаматычнай адмовы эўрапейскіх структураў прыслаць міжнародных назіральнікаў і на прэзыдэнцкія выбары ў наступным годзе.

Аўтары звароту лічаць, што ў Вене мусяць выслухаць і гэты пункт гледжаньня. У той жа час яны самі не надаюць будучым рашэньням АБСЭ вялікае ролі. Камэнтаруе Ўладзімер Навасяд:

(Навасяд: ) "Народ вырашае. Эўропа, калі мы гэтага жадаем, можа дапамагчы прайсьці нейкі адрэзак шляху. Сёньня, я падкрэсьліваю, галоўныя падзеі адбываюцца тут, у Беларусі. Першае, што трэба працаваць у Беларусі, а потым езьдзіць па Стразбургах. Вось. Таму, што яны там прымуць… У мае пляны гэта ніякіх карэктываў не ўнясе".

Аляксандар Фядута ў сваю чаргу заявіў, што любое рашэньне міжнародных структураў будзе слушным у першую чаргу для самой Эўропы. А ён, як грамадзянін Беларусі, пакідае за сабою права на крытыку.

Аўтары кажуць, што іхны ліст адкрыты, і кожны з патэнцыйных кандыдатаў у гэтак званую «Палату прадстаўнікоў» можа далучыцца да іх. Аднак, паводле інфармацыі, атрыманай ад Аляксандра Фядуты, за апошнія дні ніхто гэтага так і не зрабіў.

Лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка, які афіцыйна запрошаны на паседжаньні ў Вену, разглядае дзеяньні Абрамавай, Навасяда й Фядуты як чарговую спробу раскалоць апазыцыю:

(Вячорка: ) "Стварэньне аб'яднанай апазыцыі зьяўляецца косткай у горле рэжыму. Прадыктаваны гэты зварот сваім уласным, мякка кажучы, прагматычным інтарэсам патрапіць у Палатку. На рашэньні, прынятыя ў Вене, будуць уплываць толькі меркаваньні аб'яднанай апазыцыі. Удзельнікі венскай тэхнічнай канфэрэнцыі будуць разьбірацца у пазыцыі лукашэнкаўскага рэжыму. А пазыцыя маргінальных дзеячаў, якія нікога, апроч сябе, не прадстаўляюць, за імі не стаяць ніякія партыі ці іншыя моцныя структуры, гэтая пазыцыя не павінная брацца пад увагу".

Афіцыйны прадстаўнік місіі АБСЭ ў Менску, які пажадаў застацца неназваным, заявіў у інтэрвію Радыё Свабода літаральна наступнае: «Ліст групы патэнцыйных кандыдатаў прыняты да ўвагі ўдзельнікамі маючай адбыцца тэхнічнае канфэрэнцыі. Аднак, аўтары звароту не могуць быць запрошанымі, паколькі не зьяўляюцца прадстаўнікамі ніякае палітычнае структуры».

XS
SM
MD
LG