Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

29 жніўня, напярэдадні прызначанага на сераду паседжаньня тэхнічнае канфэрэнцыі ў справах Беларусі, зь Менску ў Вену адлятае дэлегацыя беларускай палітычнай апазыцыі. У ейны склад уваходзяць Анатоль Лябедзька й Вінцук Вячорка.

Склад апазыцыйнае дэлегацыі ўдакладнялі, як кажуць, у рабочым парадку. Патрэбна было прызначыць дарадцу кіраўніку дэлегацыі спадара Лябедзьку. Усе пагадзіліся з кандыдатураю Вінцука Вячоркі. Першапачаткова, дарэчы, плянавалася, што ў Вене як беларускія ўлады, гэтак і апазыцыю будуць прадстаўляць па тры асобы. Аднак даволі складаныя фінансавыя магчымасьці АБСЭ вымусілі зьменшыць квоту. Як паведамілі зь Вены, у рэглямэнце паседжаньня ўжо зафіксавана, што кожнай зь беларускіх дэлегацыяў, нягледзячы на іх колькасны і асабовы склад, даецца права толькі аднаго выступу. Сёньня Анатоль Лябедзька й Вінцук Вячорка працавалі над тэкстам прамовы.

(Карэспандэнт: ) «На якія вынікі паседжаньня ў Вене разьлічвае Анатоль Лябедзька?»

(Лябедзька: ) «Запрашэньне прадстаўнікоў дэмакратычнай аб'яднанай апазыцыі ў Вену я расцэньваю як станоўчы факт. Натуральна, на такім важным паседжаньні, калі б гучала думка толькі беларускага ўраду, гэта былі б прэфэрэнцыі для аднаго боку. Цяпер мы можам на раўнапраўнай аснове выказаць сваю пазыцыю. Мы разьлічваем, натуральна, на лепшае, але прызнаем, што за апошнія месяцы сытуацыя зьмянілася. І трэба прызнаць, што гэта не заслуга беларускіх уладаў, але вынік дзеяньняў пэўнай часткі людзей, якія атаясамліваюць сябе з апазыцыяй».

Між тым, кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік незадоўга да свайго адлёту ў Вену (у прыватнасьці, на сустрэчы з экспэртамі ў пытаньні мас-мэдыяў ад палітычнай апазыцыі) заўважыў, што беларускі Выбарчы кодэкс у апошняй рэдакцыі не такі ўжо й дрэнны. І калі б высновы рабіліся толькі на падставе выбарчага заканадаўства, дык выбары можна было б праводзіць, а затым і ўздымаць пытаньне пра прызнаньне іх дэмакратычнымі.

Аднак ў Вене, падкрэсьліў амбасадар Вік, пытаньне будзе разглядацца не на арганізацыйным, а на палітычным узроўні. І ўвогуле, міжнародныя арганізацыі неаднаразова заяўлялі пра комплексны падыход да беларускага пытаньня.

Аднак ня выключана, што ў Вене, вяртаючыся да чатырох умоў прызнаньня выбараў у Беларусі дэмакратычнымі й справядлівымі, могуць прыйсьці да высновы, што адна з умоваў выкананая. Што думае пра гэта Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) «Нават тыя зьмены, якія былі зробленыя, не гарантуюць, што працэс будзе празрысты і што ёсьць магчымасьць сьцьвярджаць, што выбары будуць адносна справядлівыя і адносна дэмакратычныя. Лукашэнка пагадзіўся нешта рабіць толькі ў фармаце першага пытаньня. Аднак гэта не азначае, што зроблена дастаткова для дэмакратызацыі выбараў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG