Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 26 жніўня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

На адной з турбазаў пад Берасьцем прайшоў фэстываль беларускага андэграўнду "Дзень муміфікатара". Берасьцейскія ўлады ўжо другі раз не далі яму дазволу адбыцца ў межах гораду. У фэстывалю, які наладзіла літаратурная суполка "Шмэрцвэрк", узялі ўдзел музычныя гурты й барды зь Берасьця, Менску й Пецярбургу. Менскі Тэатар Псыхічнае Неўраўнаважанасьці паказаў спэктакаль "Абсалютна стэрыльны аборт".

Памёр ад хваробы на рак пісьменьнік Генадзь Рымскі, аўтар кнігі "Беларуская лірыка ХІХ–ХХ стагодзьдзяў", вядомы збольшага як перакладнік Караткевіча, Купалы, Янішчыц ды іншых клясыкаў у расейскую мову. Небараку прынялі ў Саюз пісьменьнікаў толькі за чатыры месяцы да сьмерці. Тым ня менш пахавалі на Паўночных могілках.

Нарэшце, выйшаў першы за паўгады нумар часопіса "Крыніца". Пасьля таго як былы рэдактар "Крыніцы" Ўладзімер Някляеў стаўся "невяртанцам" з Польшчы, улады даймаюць надта незалежніцкі часопіс фінансавымі праверкамі і ўвогуле плянуюць аб'яднаць яго з падлеткавым часопісам "Першацьвет". Сярод матэрыялаў, магчыма, апошняга нумару "Крыніцы" — біяграфічная аповесьць дырэктара Беларускае службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука "Імя А.".

У сядзібе Таварыства Беларускае Мовы цяпер можна набыць рэдкія кнігі ня толькі ў вокладцы, але і ў электронным варыянце – на кампутарных дыскетах. На кожнай дыскеце зьмяшчаецца каля 10 звычайных кніг. У першай зборцы — творы Славаміра Адамовіча, Генадзя Сагановіча, "Песьня пра зубра" Міколы Гусоўскага ды іншыя тэксты. Электронная кнігарня будзе папаўняцца штотыдня.

Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Асацыяцыю духавых аркэстраў — аб'яднаньне навучальных і ведамасных гуртоў, якіх у Беларусі нямала. Суполка будзе займацца дапамогаю аркэстрам у стварэньні рэпэртуару, выданьнем і распаўсюдам нотнага матэрыялу, а таксама запісаў на касэтах і кампакт-дысках. Узначаліў Асацыяцыю мастацкі кіраўнік Менскага гарадзкога аркэстру "Няміга" Пётра Вандзілоўскі.

У наступную нядзелю, 3 верасьня, у Заслаўі пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Сёлета ён упершыню ладзіцца як айчынны кніжны кірмаш — фэст выдаўцоў, пісьменьнікаў і журналістаў. У праграме фэсту — выстава старадрукаў, фаервэрк і выпуск найдаўжэйшай у сьвеце газэты.

У Музэі прыроды й экалёгіі, што месьціцца ў адным будынку з Нацыянальным музэям гісторыі і культуры, адчынілася выстава мастака-таксыдэрміста Рыгора Сухава "Вечнасьць музэйнага пылу". Экспанаты выставы — чучалы беларускіх жывёлаў і птушак, створаныя Сухавым за доўгія гады працы ў музэі.

На Крапіўным полі, дзе колісь адбылася славутая бітва пад Воршаю, 9 верасьня пройдзе фэст сярэднявечнае культуры. У праграме — пэрформанс Алеся Пушкіна "Інкарнацыя далёкага воклічу", рыцарскі турнір, канцэрт бардаў і рок-музыкаў. Менскія ўдзельнікі сьвята паедуць электрацыяй, якая ідзе ад вакзалу а 10:58.

XS
SM
MD
LG