Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 26 жніўня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

За апошні тыдзень на валютным рынку Беларусі адбыліся заўважныя зьмены. Курс даляра, дойчмаркі ды іншых валютаў пайшоў угару, а беларускага рубля – адпаведна, уніз.

Як вядома, разрыў афіцыйнага валютнага курсу рубля з курсамі астатніх сэгмэнтаў рынку на пачатку году быў трохразовым. На цяперашні момант ён скараціўся і складае 15-24%. Але ў апошнія дні гэты разрыў зноў пачаў расьці. На вольным рынку курс продажу даляра павялічыўся да 1050 рублёў, а куплі – пераваліў за 1 тысячу. Адпаведнае зьніжэньне курсу рубля адбылося на асноўнай і дадатковай сэсіях Беларускае валютнае фондавае біржы. А Нацыянальны банк працягвае штодзённае зьніжэнне афіцыйнага валютнага курсу мінімум на 5 рублёў. На сёньня гэты курс роўны 885 рублям за 1 даляр.

Што адбываецца на валютным рынку і якія наступствы гэтага? Як ні намагаецца Нацыянальны банк стабілізаваць фінансавую сытуацыю, не напампоўваць рынак пустымі грашыма, пазьбегнуць эмісіі не ўдаецца. Толькі чысты ўнутраны рублёвы крэдыт галоўнага банку ад пачатку году склаў 36,6 млрд. рублёў. А прырост рублёвае грашовае масы дасягнуў 152,2 млрд. рублёў, ці 55,2%.

Заўважым, за гэты час прырост ВУП не перавышаў 4%. Таму ціск грашовае рублёвае масы на валютным рынку ня мог не ўзмацніцца. Апроч гэтага, Нацыянальны банк у камэрцыйных банках і суб'ектах гаспадараньня валявым шляхам купіў замежную валюту на 20 млрд. рублёў, што адпавядае 10% прыросту грашовае масы. Мільярды рублёў апынуліся ў рыначнай сфэры. Дзейнічае на валютныя стасункі й днямі аб'яўленае падвышэньне намінальнае заробкавае платы.

Як будзе зьмяняцца валютны курс рубля? Ужо да 1 кастрычніка Нацыянальны банк плянуе выйсьці на адзіны валютны курс. Чакалася, што ён будзе ў межах 1 тысячы рублёў за даляр. Зараз сытуацыя зьмянілася. Іншыя курсы давядзецца даганяць ужо далёка за 1 тысячу. А гэта непазьбежная інфляцыя і рост цэнаў.

Другое пытаньне: хто аплоціць наступствы сёньняшняе і заўтрашняе дэвальвацыі рубля? На сёньня яе аплочваюць прадпрыемствы, бо на імпарце яны моцна прайграюць – дзяржава не дазваляе падвышаць рублёвыя цэны, таму прадпрыемствы імкліва губляюць прыбытак і набліжаюцца да банкруцтва. Дзяржава мусіць адпусьціць цэны або ўключыць станок і друкаваць грошы, каб пазьбегнуць масавага банкруцтва. Ва ўсіх выпадках непазьбежны рост інфляцыі, што будзе аплочана ў рэшце рэшт толькі з кішэні падаткаплацельшчыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG