Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Распачаў працу зьезд «Маладых сацыял-дэмакратаў" – моладзевай фракцыі Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі «Народная Грамада». Дэлегаты плянуюць абмеркаваць палітычную сытуацыю ў краіне пад час выбарчае кампаніі і магчымасьці свайго ўплыву на яе.

Правядзеньне зьезду выкліканае жаданьнем маладых сацыял-дэмакратаў больш актыўна і эфэктыўна ўдзельнічаць ў палітычным жыцьці Беларусі. Восеньскія выбары ў гэтак званую «Палату прадстаўнікоў» могуць стаць першым выпрабаваньнем на гэтым шляху. Маладыя сацыял-дэмакраты не вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, але актыўна працуюць у выбарчых штабах незалежных кандыдатаў.

Менавіта праца з жыхарамі краіны, звычайнымі людзьмі, паводле словаў старшыні моладзевай арганізацыі Паўла Гормаша, вызначыць новую тактыку дзеяньняў.

(Гормаш: ) "Мне здаецца, што хадзіць на дэманстрацыі і сядзець у камэры – гэта проста, а вось пайсьці ў кватэру, пагрукацца ў дзьверы і сказаць, што вось мы такія і такі – куды цяжэй. Мы гэтую працу пачнем і будзем працягваць".

Маладых сацыял-дэмакратаў непакоіць малая інфармаванасьць людзей у дзейнасьці дэмакратычных партыяў ды іхных пазыцыяў у дачыненьні да восеньскіх выбараў.

(Гормаш: ) "На жаль, апазыцыя апынулася зараз у стане ізаляцыі, і народ пра яе нічога ня ведае. 70 працэнтаў ня ведае ніводную партыю – гэта, канешне, жах".

Павал Гормаш перакананы, што вынікі зьезду стануць вызначальнымі для лёсу арганізацыі, якая мяркуе прынцыпова зьмяніць сваё аблічча.

(Гормаш: ) "Мы зараз хацелі б стварыць арганізацыю, якая б сапраўды магла сказаць, што ў Беларусі ёсьць маладая сацыял-дэмакратыя. Гэта будзе стварэньне новай арганізацыі эўрапейскага тыпу".

На сходзе маладыя сацыял-дэмакраты плянуюць зацьвердзіць статут і абраць новае кіраўніцтва. У разе, калі гэта адбудзецца, другі зьезд моладзевае фракцыі "Народнае Грамады" фактычна ператворыцца ва ўстаноўчы сход самастойнай палітычнай арганізацыі.

XS
SM
MD
LG