Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У судзе Партызанскага раёну Менску сёньня распачаўся разгляд пазову Свабоднага прафсаюзу трактарнага заводу да Партызанскага раённага выканкаму. Гэты працэс павінен паказаць, ці магчыма ў цяперашняй Беларусі ў судовым парадку вырашыць канфлікт прафсаюзаў з уладамі?

Прафсаюзы лічаць незаконнымі дзеянні Партызанскага раённага выканкаму, які ўжо шмат месяцаў ухіляецца ад рэгістрацыі прафсаюзнае суполкі МТЗ. Ейны лідэр Вячаслаў Козел сёньня заявіў на судзе, што для такіх паводзінаў выканкаму няма ніякіх праўных падставаў. Судзьдзі Аляксандру Аўдзейчыку ён прадаставіў шэраг дакумэнтаў, што, на ягоную думку, пацьвярджаюць абгрунтаванасьць прафсаюзнага пазову.

Гаворыць Вячаслаў Козел:

"Я прадаставіў дакумэнты, якія вызначаныя палажэньнем пра рэгістрацыю грамадзкіх арганізацыяў. Іншымі словамі, мы ў поўным аб'ёме выканалі патрабаваньні правілаў рэгістрацыі, што йснуюць зараз у Беларусі. І тым ня менш, нас не рэгіструюць. Чаму – я магу, зразумела, толькі здагадвацца. Нехта камусьці пазваніў і сказаў, што трэба зрабіць так, каб зьнішчыць дэмакратычны прафсаюз на МТЗ. І ўсе чыноўнікі імкнуцца ўсімі сіламі перашкодзіць дзейнасьці Свабоднага прафсаюзу мэталістаў на трактарным заводзе", – мяркуе Вячаслаў Козел.

Суполка Свабоднага прафсаюзу МТЗ фігуруе ў дакумэнтах Міжнароднай арганізацыі працы як прыклад антыпрафсаюзнага гвалту ў Беларусі. Вось што паведаміў нашаму радыё лідэр Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віктар Трошчы:

"6-7-га верасьня прыяжджае ў Менск дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы, якая будзе цікавіцца: ці адбыліся станоўчыя зрухі пасьля нядаўняга наведаньня краіны генэральным сакратаром Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Білам Джорданам. Мы ведаем, што ўрад даручыў міністру юстыцыі Генадзю Варанцову падрыхтавацца да гэтага візыту. Паводле нашых зьвестак, Варанцоў цікавіцца праблемаю рэгістрацыі арганізацыяў Свабоднага прафсаюзу, у прыватнасьці, на такіх прадпрыемствах як МАЗ і Менскі трактарны завод. Міністра юстыцыі забавязалі зьняць гэтае пытаньне, каб яно нідзе не гучала ў міжнародных арганізацыях", – паведаміў Віктар Трошчы.

З другога боку, паводле ягоных словаў, такому намеру супраціўляецца адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Міхал Мясьніковіч і яго атачэньне настойваюць на захаваньні антыпрафсаюзнага курсу ў краіне. Партызанскі суд, паводле меркаваньня прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу, зараз ня ведае, каго слухацца. У такой сытуацыі судзьдзя Аўдзейчык вырашыў працягнуць разгляд справы на наступным тыдні, каб атрымаць, як лічаць ініцыятары пазову, больш канкрэтныя інструкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG