Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Сёньня ў Віцебску адбыўся пікет супраць зьбядненьня насельніцтва. Гэта плянавы пікет з шэрагу мерапрыемстваў віцебскай Каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў. Замаўлялі яго сябры Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная грамада".

У сквэр каля плошчы Леніна, нягледзячы на не зусім спрыяльнае надвор'е, выйшла каля 30-ці чалавек. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, удзельнікі трымалі плякаты кшталту: "Сусьветным коштам — сусьветны заробак, і своечасова", "Жабрак-настаўнік вучыць ня можа", "Вярнуць ільготы чарнобыльцам", "Саша! Хакеем сыты ня будзеш!", "Ураджай зьбіраем, а ў кішэнях нічога ня маем".

Тэма пікету невыпадковая. Безупыннае падвышэньне коштаў за кватэры, камунальныя паслугі, тэлефонную сувязь, на хлеб, цукар, іншыя прадукты першае неабходнасьці выклікае сапраўдны жах у насельніцтва. Зараз у сьпісах кожнага ЖЭУ па некалькі дзесяткаў, а то й соцень вінных грошы людзей, якія ў большасьці выбіраюць — ці памерці з голаду, ці заплаціць за кватэру. Скардзяцца гандляры на рынках: людзі ня маюць магчымасьці купляць доўгатэрміновыя рэчы. Ды й каму купляць, калі, напрыклад, працаўнікі тэлезаводу, якіх у горадзе лічаць высокааплатнымі, пасьля амаль васьмі месяцаў барацьбы з адміністрацыяй вымушаныя былі пагадзіцца на 150 адсоткаў заробку ад жыцьцёвага мінімуму. Што можа купіць маладая настаўніца, ў якой, паводле словаў загадчыка гарадзкога аддзела адукацыі сп. Прасьнякова, стаўка каля 20-ці тысячаў рублёў. Нездарма сёлета ў школы Віцебска ня прыйдзе ніводны настаўнік мужчынскага полу, нават на пасаду выкладчыкаў фізкультуры. А ў многіх калгасах своечасова не атрымліваюць заробленыя сьціплыя 5-6 тысячаў, і ў некаторых сем'ях тыднямі ня бачаць хлеба.

Таму й шлі людзі да пікетоўшчыкаў, скардзіліся на жыцьцё, выказвалі падтрымку. Хаця як заўсёды, не абышлося і без тых, якія толькі клянуць апазыцыю. Мужчына невыразнага ўзросту з дзьвюма кайстрамі, ў якіх нешта бразгала, выказаў пікетоўшчыкам: "Не стаяць, а працаваць трэба".

А найбольшую ўвагу людзей прыцягвала копія ведамасьці заробку за другую палову ліпеня супрацоўнікам музэя-сядзібы Ільлі Рэпіна, ў якой уражвалі лічбы ў чатыры, тры і нават дзьве тысячы сто дванаццаць рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG