Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Учора й сёньня на гомельскім заводзе «Электраапаратура» тэрмінова выплачвалі заробак за ліпень. Гэта сталася пасьля таго, як на заводзе адбыўся стыхійны мітынг.

Першымі свае працоўныя месцы пакінулі рабочыя прэсавага цэху, большую частку якога складаюць жанчыны. Яны выйшлі да галоўнай прахадной заводу, каб сустрэць дырэктара Віктара Жыгара і папярэдзіць: калі заробак тэрмінова ня будзе выплачаны, цэх аб'явіць сядзячы страйк.

Яшчэ два патрабаваньні тычыліся падвышэньня памеру заробку, які складае ў цэху для жанчынаў-рабочых 30-40 тысячаў рублёў, а таксама паляпшэньня ўмоваў іхнае працы. Людзі не жадаюць мірыцца з задухаю, шумам, траўматызмам.

Пра стыхійны мітынг свабодны прафсаюз заводу паведаміў у сродкі масавай інфармацыі. Але калі на завод прыехалі журналісты, дырэктар распарадзіўся не пускаць іх на тэрыторыю заводу.

Аднак рабочыя ня толькі прэсавага, але й плястмасавага, інструмэнтальнага ды іншых цэхаў выйшлі за прахадную, каб распавесьці супрацоўнікам мас-мэдыяў пра свае праблемы. Агульны тон размовы такі: затрымка невялікага заробку нават на тыдзень ставіць сем'і рабочых у цяжкае становішча. Гэта асабліва адчуваецца зараз, напярэдадні новага навучальнага году, калі дзяцей трэба сабраць у школу – купіць ім абутак, вопратку, падручнікі, школьныя прылады.

Што ж перашкаджае прадпрыемствам, нягледзячы на неаднаразовае папярэджаньне кіраўніка дзяржавы, своечасова разьлічвацца зь людзьмі?

Распавядае дырэктар «Электраапаратуры» Віктар Жыгар:

"Так, я сваечасова не магу выплаціць грошы. Але ж я іх не друкую, я іх –зарабляю. Я працую на расейскі рынак. Разумееце? І не заўсёды ўсё атрымліваецца гладка", – сьцьвярджае кіраўнік заводу.

Цікаўлюся, якім чынам завод усё-такі раздабыў грошы, каб суняць страйкавы настрой рабочых?…

"Проста, за кошт таго, што зьнізіў на 10 адсоткаў цэны на свае вырабы", – паведаміў дырэктар.

Як толькі гэта здарылася, расейскія спажыўцы за два дні пералічылі заводу 80 мільёнаў рублёў – на траціну болей, чым за ўсе папярэднія 20 дзён жніўня.

XS
SM
MD
LG