Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Вярхоўны суд разгледзеў касацыйную скаргу ў крымінальнай справе лідэра "Народнае Грамады" Міколы Статкевіча і дэпутата Валерыя Шчукіна і адмяніў рашэньне Менскага гарадзкога суду. Паводле ранейшага прысуду, Мікола Статкевіч і Валеры Шчукін былі асуджаныя ўмоўна да двух гадоў пазбаўленьня волі за актыўны ўдзел у леташнім "Маршы Свабоды".

Вярхоўны суд палічыў, што ў прысудзе не матываваная віна Міколы Статкевіча і Валерыя Шчукіна. Гэта стала падставаю для адмены рашэньня гарадзкога суду. Сёньня на судовым паседжаньні былі Валеры Шчукін і адвакаткі абвінавачваных Тацяна Вардомская і Тацяна Станкевіч. Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч прынцыпова адмовіўся прысутнічаць пры разглядзе касацыйнае скаргі. Ён лічыць, што ўлады паўплывалі на рашэньне Вярхоўнага суду.

Гаворыць Мікола Статкевіч

(Статкевіч: ) "Я далёкі ад ілюзій, каб бачыць беларускі суд сапраўды незалежным, але ёсьць пэўны люфт. Амаль што апраўдальны прысуд выкліканы жаданьнем уладаў дамагчыся прызнаньня маючых адбыцца парлямэнцкіх выбраў. Улады спрабуюць саступіць там, дзе гэта магчыма з захаваньнем пэрспэктывы на будучыя прэзыдэнцкія выбары. І тут няма вялікай рызыкі. Праз два месяцы будзе паўторны разгляд, зноў гарадзкі суд атрымае загад – не дадуць два гады, дадуць паўтары. Сам тэкст – вынік таго люфта, бо судзьдзі – таксама людзі, і калі на іх ня ціснуць, дык яны пішуць тое, што думаюць. Што гэта значыць для мяне і Шчукіна? Улады даюць нам магчымасьць удзельнічаць у выбарах. Робяць ласку. Я ад гэтай ласкі адмовіўся, таму што я ўчора быў ужо вылучаны. Паводле заканадаўства, асуджаныя маюць абмежаваньне толькі на вылучэньне. Такім чынам, незалежна ад прысуду суда, я ўжо быў вылучаны, меў магчымасьць удзельнічаць у гэтых выбарах. Я зрабіў гэта наўмысна, бо можна было прагназаваць такое рашэньне суда, але я не хачу, каб мяне выкарыстоўвалі, каб атрымаць гэтых міжнародных назіральнікаў".

Гэта было меркаваньне лідэра "Народнае Грамады" Міколы Статкевіча. Вярхоўны суд прызначыў перагляд гэтае крымінальнае справы ў гарадзкім судзе новым складам судзьдзяў.

XS
SM
MD
LG