Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

У Цэнтарвыбаркаме нашаму радыё паведамілі, што на сёньня пададзеныя дакумэнты для рэгістрацыі 185 кандыдатаў у дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў", зь іх 100 – ад працоўных калектываў. Тэрмін вылучэньня кандыдатаў закончыцца 4 верасьня. У цэлым жа гэтая кампанія адрозьніваецца невялікай актыўнасьцю і апатыяй выбаршчыкаў і патэнцыйных кандыдатаў.

Асаблівай актыўнасьцю вызначаюцца хіба што цяперашнія члены "Палаты прадстаўнікоў", што пажадалі застацца ў сваіх кабінэтах. Такіх знайшлося больш як трыццаць, і яны звычайна маюць падтрымку выканаўчае ўлады на месцах, і ўжо цяпер атрымліваюць доступ да дзяржаўных СМІ, ствараючы сабе імідж, так бы мовіць, "народных заступнікаў". Як, да прыкладу, Раман Ананьеў, што не пагрэбаваў зарабіць палітычны капітал на гвалтоўнай сьмерці непаўнагадовае дзяўчынкі ў Чашніках, заяўляючы, што менавіта ён паклапаціўся пра тое, каб паводле гэтага факту была ўзбуджаная крымінальная справа.

Цяперашнія дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў" уваходзяць у лік гэтак званых "кандыдатаў ад улады". Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін сьцьвярджае, што такія кандыдаты вызначаныя ў кожнай акрузе, і дзеля іх прасоўваньня выкарыстоўваецца ўвесь наяўны "адміністратыўны рэсурс": зьверху ўказваецца, як фармаваць камісіі, каго падтрымліваць.

Лідэр Партыі камуністаў сабраў больш як тысячу подпісаў за сваю кандыдатуру. Пра тое, як рэагуюць людзі на выбары пад час збору подпісаў, гаворыць Сяргей Калякін:

"У цэлым ёсьць людзі, якія адпраўляюць куды падалей разам з выбарамі ды ўсімі гэтымі справамі… Настрой у людзей горшы, чым на мінулых выбарах", – зазначыў далей Сяргей Калякін, – "людзі больш азлобленыя, жыць сталі бядней. Нашыя актывісты, якія ходзяць па кватэрах, бачаць, што там абсалютная галеча, што ўсё тое, што ёсьць у кватэрах – гэта пятнаццацігадовае даўніны. Людзі больш нэрвова рэагуюць на ўсё гэта, больш нявер'я, больш апатыі", – зазначыў Сяргей Калякін.

24 жніўня былі здадзеныя подпісы й за лідэра "Народнае Грамады" Мікалая Статкевіча. У "Народнай Грамадзе" няма адзінства адносна мэтазгоднасьці ўдзелу ў выбарах. Частка лідэраў на чале зь Мечыславам Грыбам аспрэчвае слушнасьць вылучэньня сяброў сваёй партыі. Падобны раскол на мінулым тыдні выявіўся і ў Аб'яднанай Грамадзянскай партыі, былы лідэр якой Станіслаў Багданкевіч заклікаў дэлегатаў зьезду, што адбудзецца 3 верасьня, адмовіцца ад тактыкі агітацыі супраць кандыдатаў дэмакратычнае скіраванасьці. У адваротным выпадку ён гатовы пакінуь шэрагі АГП.

Затое маналітнае адзінства паказваве Лібэральна-Дэмакратычная партыя. Старшыня Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі Ўладзімер Карагін, які мае намер вылучацца ад гэтае партыі, зазначыў, што ў ёй таксама ня вельмі вераць у справядлівасьць выбараў, і таму бяруць ад сваіх кандыдатаў падпіску, што ў выпадку, калі партыя вырашыць зьняць сваіх кандыдатаў, тыя дабрахвотна сыйдуць з дыстанцыі.

XS
SM
MD
LG