Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Дэвід Джонсан

Напярэдадні абмеркаваньня 30 жніўня сёлета на чарговай сэсіі АБСЭ пытаньня аб накіраваньні міжнародных назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусь прадстаўнік ЗША пры АБСЭ Дэвід Джонсан выступіў з заявай у справе Беларусі. Падаем поўны тэкст заявы.

ЗША падтрымліваюць прапанову прадстаўніка беларускага ўраду, каб абмеркаваньне сытуацыі мела аб'ектыўны характар. Мы глыбока перакананыя, што магчымыя рэкамэндацыі павінны базавацца на рэальных дзеяньнях, а не на абяцаньнях.

У красавіку тройка АБСЭ высунула чатыры ўмовы ўраду Беларусі, якія ён павінен быў выканаць дзеля таго, каб АБСЭ накіравала міжнародных назіральнікаў на выбары.

На жаль, ад гэтага часу мы не заўважылі сьведчаньняў таго, каб урад Беларусі дасягнуў нейкага прагрэсу ў выкананьні гэтых умоваў. Абяцаньні? Так. Прагрэс? Не.

Дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАСЕ), якая наведала Беларусь у пэрыяд ад 31 ліпеня да 3 жніўня, таксама прыйшла да гэтай высновы і дала рэкамендацыі не накіроўваць назіральнікаў.

У выніку перамоваў з беларускай апазыцыяй мы прыйшлі да высновы, што яна падзяляе гэты погляд. У лісьце старшыні каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў апазыцыя заклікае міжнародную супольнасьць не накіроўваць назіральнікаў.

Пасьля візыту дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Менск беларускі ўрад выступіў з некаторымі абяцаньнямі, якія адпавядаюць умовам "тройкі". Падобныя абяцаньні рабіў і міністар замежных справаў Беларусі, які яшчэ ў 1997 годзе ў лісьце да старшыні Эўрапэйскага Зьвязу заявіў, што беларускі ўрад адданы справе ўстанаўленьня поўнага балянсу ўлады паміж уладнымі структурамі.

Тры гады пазьней, адным з умоваў "тройкі" АБСЭ па-ранейшаму застаецца патрабаваньне павелічэньня ўлады парлямэнту. Цяпер беларускі ўрад сьцьвярджае, што ў яго папросту няма часу на выкананьне гэтага патрабаваньня, хаця прайшло ўжо тры гады перад выбарамі, і абяцае, што над гэтай праблемай будзе працаваць наступны парлямэнт. Мы лічым, што ня трэба спакушацца абяцаньнямі, у якіх няма нічога новага, якія недастатковыя і не характарызуюцца пэрспэктывамі рэальнага ажыцьцяўленьня.

Гэтыя выбары адбудуцца ў часе росту палітычных рэпрэсіяў і перасьледу журналістаў. Амаль штотыдзень адбываюцца суды над вядомымі палітычнымі дзеячамі. Некаторыя, як мы ведаем, увогуле загінулі. Шматлікія незалежныя газэты былі зачыненыя ўладамі. Мірныя дэманстрацыі жорстка разганяюцца. Абвяшчэньне ўрадам Лукашэнкі так званага "пэрыяду міру" адбылося запозна, і гэтую прапанову цяжка рэальна ацаніць як апазыцыі, так і нам. Аднак, нашыя першыя ацэнкі нельга назваць пазытыўнымі. Хаця, бясспрэчна, што свабодныя і справядлівыя выбары – важны і неабходны крок на шляху адраджэньня дэмакратычнай і незалежнай Беларусі – мэты, да якой мы ўсе імкнемся.

Накіраваньне місіі міжнародных назіральнікаў пна просьбу беларускага рэжыму, які такім шляхам шукае прыкрыцьця для сваёй легітымнасьці, было б памылкай. Мы чакаем таго дня, калі міжнародная супольнасьць зможа аплядыраваць беларускаму ўраду, які сапраўды быў бы адданы выкананьню міжнародных умоваў у справе свабодных і справядлівых выбараў. У гэтым выпадку мы прынялі б актыўны ўдзел у выбарах і накіравалі б назіральнікаў. Але, на жаль, гэты дзень яшчэ не прыйшоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG