Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Выйшаў чарговы нумар штотыднёвіка "Рабочы".

Выява ветрака на першай яго старонцы невыпадковая. Альтэрнатыўная энэргетыка – эканамічная тэма нумару. Нагодай для журналісцкага выхаду на праблему стала зьяўленьне ў вёсцы Занарач Мядзельскага раёну ветраэнэргаўстаноўкі, якую мясцовым сялянам падаравалі жыхары нямецкай зямлі Паўночны Рэйн – Вестфалія. У Занарачы жывуць ў асноўным перасяленцы-чарнобыльцы, людзі, апаленыя "мірным атамам", якія, калі трэба рабіць выбар, перавагу заўжды аддаюць найбольш бясьпечным мэтадам энэргазабясьпячэньня. Але наколькі занарачанскі вопыт прыдатны для ўсёй Беларусі? Чаму стаўленьне да ветраэнэргетыкі ў нас скептычнае? Карэспандэнт "Рабочага" Ірына Дубовік дасьледуе пытаньне.
* * *
"Гульня ў выбар" – гэты артыкул навукоўца Сяргея Альфера з Беларускага цэнтру канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледаваньняў мае падзагаловак: "Што такое фальсыфікацыя галасаваньня і ці рэальна зь ёй змагацца?". Што ж, ў час, калі беларуская апазыцыя вырашыла байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў, тут ёсьць аб чым паразмаўляць. Сяргей Альфер разьбірае саму тэхналёгію арганізацыі выбараў. Ён па пунктах тлумачыць, дзе і на якіх этапах ўлада мае поўную магчымасьць абвесьці назіральнікаў вакол пальца і забясьпечыць той вынік галасаваньня, які патрэбны.
* * *
Настаўніца з Бэльгіі Ліві Кунен уваходзіць ў адну з эўрапейскіх дабрачынных арганізацыяў, якія дапамагаюць чарнобыльскім дзецям. Некалькі разоў ў сям'і Ліві жыў беларускі хлопчык Вадзім з Гомельшчыны. Потым пасьледваў гэтак кажучы "візыт у адказ". Тое, што Ліві і яе муж Рык убачылі ў звычайным нашым саўгасе, настолькі іх уразіла, што дома ў Бэльгіі Ліві напісала кнігу. Называецца яна "Сьвята ў Беларусі", і урыўкі з гэтага твору "Рабочы" прапануе чытачам. Заўсёды цікава ўбачыць сябе вачыма іншага чалавека, а калі яшчэ ў гэтага чалавека трапны позірк і шчырае сэрца – назіраньні яго цікавыя ўдвая.
* * *
"Мой дом" і "Мая сям'я" – традыцыйныя разьдзелы "Рабочага". Сёньняшнія іх тэмы – дзіцячая наркаманія (парады бацькам, як сваечасова распазнаць хваробу), алкагалізм (размова аб тым, чаму адны народы сьпіваюцца хутчэй за іншыя, і да якой катэгорыі тут належаць беларусы). Ну а больш інтымныя пытаньні – ў тэматычнай старонцы "Цэх каханьня".
* * *
Герой рубрыкі "Беларускі каляндар" – наш славуты мысьліцель-гуманіст Сымон Будны.
* * *
Увага! Кожны, хто жадае атрымлiваць газету штотыднёва праз сваю паштовую скрыню, павiнен аформiць падпiску ў аддзяленьнi сувязi цi ў першаснай арганiзацыi свабодных прафсаюзаў. Менчукi могуць атрымлiваць газету яшчэ i праз кiёскi Белсаюздруку. Для гэтага трэба зьвярнуцца да работнiка кiёска, дзе вiсiць аб'ява-паведамленьне пра тое, што менавiта тут афармляюць падпiску на газету "Рабочы". Такiх кiёскаў па Менску пяцьдзесят. Пры гэтым будзьце ўважлiвыя: абавязкова пазначце нумар кiёска, праз якi вы хочаце атрымлiваць газэту. Нагадаем падпiсны iндэкс газеты "Рабочы" — 63437.

XS
SM
MD
LG