Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Апошнімі днямі на "чорным" рынку значна падвысіўся курс даляра адносна беларускага рубля. Ускосна гэта сьведчыць пра тое, што дзяржава, нягледзячы на ўсе намаганьні, ня можа кантраляваць сытуацыю на валютным рынку і спрабуе дзейнічаць адміністратыўнымі мэтадамі.

Сёньня на "чорным" рынку даляр каштаваў 1040 рублёў, у той час як афіцына ў абменных пунктах банкаў курс не перавышаў тысячу рублёў. Беларускі досьвед сьведчыць, што гэта і ёсьць праява інфляцыі. Якую, праўда, ня хочуць прызнаваць улады.

Першы штуршок новаму вітку інфляцыі быў дадзены 15 жніўня, калі Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з прадстаўнікамі ўраду. Лукашэнка, нарэшце, даведаўся, што ў краіне затрымліваюцца заробкі, і запатрабаваў ад ураду й банкаў разьлічыцца да канца жніўня. Банкі былі вымушаныя выдаткаваць на гэтую ініцыятыву значныя крэдыты – больш як 20 мільярдаў рублёў.

Праўда, прадстаўнікі Нацбанку лічаць, што такі значны крэдыт ня мог адбіцца на сытуацыі на валютным рынку. Кіраўнік управы інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў лічыць, што падзеньне курсу беларускага рубля на чорным рынку – ня больш як вынік спэкуляцыяў.

Анатоль Драздоў распавёў: "Можа, спекулянты вырашылі, што зараз спрыяльны момант. Гэта можа быць зьвязана такім чынам – яны вырашылі ў такі момант крыху пагуляць. Таму што, калі банк дае крэдыт са сваіх сродкаў – як гэта можа паўплываць на курс? Апошнім часам эмісіі не было".

У той жа час Анатоль Драздоў адмовіўся адказаць на пытаньне – ці заплянаваная эмісія на бліжэйшы час.

Незалежныя адмыслоўцы лічаць, што насамрэч прычынамі інфляцыі сталі чарговая ўборка ўраджаю, спроба разьлічыцца ў заробках, а таксама заплянаваныя на кастрычнік выбары.

Эканамічны аглядальнік "Белорусской деловой газеты" Вадзім Сяховіч лічыць, што сёньня значныя сродкі былі перададзеныя на паліва й на заробкі – найперш на заробкі калгасьнікаў. Паводле ягонага меркаваньня, у сярэдзіне восені будзе яшчэ адзін штуршок інфляцыі, зьвязаны з падвышэньнем заробкаў. Чорны рынак ня стрымліваецца штучна, і ён заўсёды адчувае наяўнасьць лішніх грошай у абароце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG