Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 24 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Пры ўсёй сваёй сумнеўнай баяздольнасьці беларускае войска працягвае заставацца крыніцаю падвышанае небясьпекі. Надзвычайныя здарэньні, якія штогод прыводзяць да трагічных вынікаў і якія вайсковае кіраўніцтва ўпарта намагаецца хаваць, даюць падставу да высновы: арміі патрэбныя радыкальныя рэформы.

За пасьляваенную гісторыю Беларускай вайсковай акругі зьмянілася мноства пакаленьняў зброі. Танк Т-54 пасьлядоўна мянялі Т-62, Т-72 і нарэшце Т-80. Пад тэхніку, адпаведна, назапашвалі снарады. Але калі ў выніку на ўзбраеньні быў пакінуты толькі Т-72, вялізная маса незапатрабаваных снарадаў назаўсёды асела на складох. Гэтак жа ніяк ня могуць быць прыстасаваныя да сучаснай авіяцыі сотні тысячаў тонаў састарэлых авіяцыйных запасаў. Інжынэрныя прыстасаваньні, а гэта пераважна міны ўсіх узораў, наогул падзяляюцца на даваенную, ваенную і пасьляваенную вытворчасьць.

З праблемаю перанасычанасьці вайсковых арсэналаў пратэрмінаванай зброяй беларускія вайскоўцы сутыкнуліся яшчэ 20 год таму. На выпадак вайны, у верагоднасьці якой пад час халоднага супрацьстаяньня мала хто сумняваўся, апэратыўныя запасы Беларускай вайсковай акругі напаўняліся вельмі шпарка. Пасьля аб'яўленьня сувэрэнітэту (і, адпаведна, пасьлядоўнага скарачэньня групоўкі ды вываду значнае часткі войскаў у Расею) гэтыя запасы засталіся.

Вось як камэнтуе сытуацыю былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі:

"Найвялікшая небясьпека па лініі Міністэрства абароны – гэта вялізная колькасьць баявых прыпасаў, якія назапасіліся на складах. Ёсьць нават даваенныя арсэналы, якія паступілі да 1941 году. Прагнілі ўкупаркі, гільзы, высыпаецца порах. Такіх складоў у Беларусі мноства. Яны выклікаюць вельмі вялікую занепакоенасьць перш за ўсё ў вайскоўцаў. Вось чаму быў распачаты беларуска-амэрыканскі праект у Добрушы: гэта была першая спроба пачаць цывілізаваную ўтылізацыю вялізнае колькасьці зброі. Тое, што праект быў згорнуты – невыбачальная памылка.

Вайскоўцы выказваюць заклапочанасьць, што гэта менавіта тая парахавая бочка, на якой мы сядзім і якая ў любы час здольная вельмі непрыемна спрацаваць", – лічыць Павал Казлоўскі.

Яшчэ ў 93-м годзе, згодна з праграмаю амэрыканскіх кангрэсмэнаў Нана – Лугара, Беларусь павінна была атрымаць $120 млн на ўтылізацыю шэрагу ўзбраеньняў у рамках пагадненьня СНВ-2. Тады плянавалася, што да 2001 году праграма будзе цалкам завершаная. Але, пачынаючы з 94-га году, новыя беларускія ўлады рабілі ўсё дзеля таго, каб працэс дэмілітарызацыі спыніць. У выніку было асвоена толькі $20 млн – усе пад час працы ўраду Кебіча.

Сродкі на зьнішчэньне 81-й стартавае пляцоўкі для пускаў ракетаў клясы "Топаль" не асвоены наогул: з парушэньнем усіх тэхналёгіяў былі ўзарваныя толькі тры пляцоўкі. Дагэтуль мясцовыя ўлады ня ведаюць, як вызваліць лясныя масівы ад вялізных бэтонных валуноў, тады як амэрыканцы прапаноўвалі тэхналёгію далейшага выкарыстаньня матэрыялаў у будаўніцтве. Усе астатнія пляцоўкі, так бы мовіць, чакаюць або свайго часу, або новых гаспадароў. А гэта –яшчэ адна небясьпека, зьвязаная ня столькі з унутранымі, колькі з вонкавымі фактарамі – у прыватнасьці, з імкненьнем беларускіх уладаў да яднаньня з Расеяй, у тым ліку ў вайсковай сфэры.

Расейскія вайсковыя аб'екты ўжо сёньня ўяляюць вялікую небясьпеку. Гэта датычыць, у прыватнасьці, разьмешчанае пад Ганцавічамі станцыі далёкага выяўленьня й сачэньня за паветранымі аб'ектамі, або станцыі кіраваньня падводнымі лодкамі ў Вілейцы. Ва ўмовах ваеннае пагрозы гэтыя стратэгічныя аб'екты будуць зьнішчацца найперш. Прычым, нават ва ўмовах пагрозы толькі для Расеі, бо менавіта расейскія вайскоўцы гаспадараць на гэтых станцыях.

Паводле высокага чыноўніка ў Міністэрстве абароны, верагоднаму праціўніку нічога не застанецца, як "…выбіць вочы сыстэме кіраваньня".

XS
SM
MD
LG