Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 24 жніўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 23 жніўня)
Завяршыўся візыт у Менск бізнэсоўцаў Ірану. На працягу двух дзён яны вялі перамовы пра актывізацыю эканамічнага супрацоўніцтва з Беларусьсю.

Іранскія прадпрымальнікі правялі сёньня шэраг перамоваў з прадстаўнікамі ўрадавых структураў і дзелавых колаў Беларусі. У прыватнасьці, яны сустракаліся з кіраўніцтвам гарадзенскага прадпрыемства "Азот" і менскага вытворчага аб'яднаньня "Інтэграл".

Віцэ-прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа, камэнтуючы нашаму радыё візыт гасьцей з Тэгерану, зазначыў:

(Патупа: ) "Я думаю аб тым, каб за гэтымі адносінамі нейкім чынам не стаялі кантакты са зброяй ці нейкіх электронных кампанэнтаў, якія могуць выкарыстоўвацца ў ваеннай галіне. Гэта праблема міжнародных адносінаў, бо такі гандаль забаронены з краінамі, якія падазраюцца ў спробах вырабіць зброю масавага зьнішчэньня".

(Карэспандэнт: ) "Сяброў Саюзу прадпрымальнікаў на сустрэчу з іранскімі гасьцямі запрашалі?"

(Патупа: ) "Не".

Напярэдадні ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, якая ініцыявала візыт гасьцей з Тэгерану, было падпісана пагадненьне ў разьвіцьці двухбаковага супрацоўніцтва. Паводле афіцыйнае вэрсіі, гэтае разьвіцьцё адпавядае шматвэктарнаму замежнаэканамічнаму курсу Беларусі. Ён прадугледжвае актывізацыю супрацоўніцтва з краінамі Азіі, у тым ліку, ісьлямскімі – Іракам, Лівіяй ды Іранам, у якіх напружаныя стасункі з Захадам.

Пад час цяперашняга візыту прадпрымальнікаў Ірану было абвешчана пра намер павялічыць таваразварот з гэтай краінаю, які склаў летась усяго 16 мільёнаў даляраў. Апроч угнаеньняў, трактароў і аўтамабіляў, прапановы беларускага боку ўключалі навукова-тэхнічныя распрацоўкі ды оптыку. У гэтай сувязі незалежныя экспэрты, магчыма, маюць рацыю, калі мяркуюць, што цяпершняя актывізацыя супрацоўніцтва не выключае і разьвіцьцё беларуска-іранскага партнэрства ў вайсковай сфэры.

Дарэчы, як вынікае з учорашняе прамовы ў Гандлёва-прамысловай палаце кіраўніка іранскае дэлегацыі спадара Камошы, госьці з Тэгерану не хаваюць сваіх антыамэрыканскіх настрояў. Відавочна, гэтым яны падкрэсьлілі, што прыехалі да аднадумцаў.

Гаворыць Аляксандар Патупа:

(Патупа: ) "Гэта мае нейкую ідэалягічную падставу, і гэта дрэнна. Мы ведаем, што нашая краіна мае пэрспэктывы толькі ў шчыльным кантакце з Захадам, са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. І вось гэтае процістаяньне непатрэбнае".

– мяркуе віцэ-прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа.

XS
SM
MD
LG