Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Днямі Беларусь наведалі дэлегаты Сойму летувісаў сьвету. Пад час вяртаньня аўтобус, у якім знаходзіліся 35 чалавек, бальшыня зь якіх – грамадзяне Злучаных Штатаў Амэрыкі, беларускія памежнікі неабгрунтавана пратрымалі некалькі гадзінаў на беларуска-летувіскай мяжы. Інцыдэнт атрымаў шырокі розгалас у Летуве.

21 і 22 жніўня дэлегаты Сойму летувісаў сьвету наведвалі летувіскія суполкі на Гарадзеншчыне. Калі вярталіся ў Вільню, нечакана ўзьнік непрыемны інцыдэнт на беларуска-летувіскай мяжы ў Каменным Логу. Памежнікі не дазволілі аўтобусу своечасова трапіць у Летуву. Як распавялі дэлегаты Сойму, адзін памежнік нават сказаў: "Няма чаго тут шастаць".

Бальшыня з пасажыраў аўтобуса – грамадзяне Злучаных Штатаў Амэрыкі. Былі таксама грамадзяне Канады, Аўстраліі, Аргэнтыны, Калюмбіі, Нямеччыны. Бальшыня зь іх ужо мела самалётныя квіткі на гэты дзень, і з-за перашкодаў на мяжы яны маглі спазьніцца на свае рэйсы.

Як нам стала вядома, нават памежнікі зь летувіскага боку прайшлі праз нэйтральную тэрыторыю і спрабавалі ўгаварыць беларускіх памежнікаў паскорыць свае працэдуры. Але й гэта ня мела плёну. Тады старшыня Згуртаваньня летувісаў у Беларусі Віргінія Тарнаўскайтэ была вымушаная тэлефанаваць у Вільню Генэральнаму дырэктару ўрадавага Дэпартамэнту нацыянальных мяншыняў Рамігіюсу Мотузасу. І яму давялося хутка выпраўляцца на беларуска-летувіскую мяжу.

Распавядае спадар Мотузас:

"Існавала вусная дамоўленасьць, што аўтобус прапусьцяць без чаргі. Але, калі пад'ехаў наш аўтобус, распавялі, што тут вельмі нявызначаная група, нявызначаныя асобы. У аўтобусе прадстаўнікі амаль трыццаці дзяржаваў, і якія могуць быць вандроўкі ды экскурсіі. Наогул яшчэ будзе вырашацца пытаньне, ці варта прапускаць гэты аўтобус. Я пагутарыў з кіраўніком зьмены, і ён усё ж зразумеў сытуацыю.

Можа, існуе такі стэрэатып, што людзі зь іншых краінаў – гэта ворагі ці непажаданыя ў беларускай Рэспубліцы. Зь іншага боку, калі ехалі ў Беларусь, нас суправаджаў прадстаўнік беларускай амбасады ў Летуве".

Гэта быў Генэральны дырэктар Дэпартамэнту нацыянальных мяншыняў Рамігіюс Мотузас.

Усяго ў Беларусі больш за 30 тысячаў летувісаў. У бальшыні сваёй яны жывуць на Гарадзеншчыне – у вёсцы Пелясе Воранаўскага раёну і Рымдзюны ў Астравецкім раёне. Менавіта гэтыя мясціны й наведвалі дэлегаты Сойму летувісаў сьвету.

XS
SM
MD
LG