Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску распачалася сустрэча прафсаюзных лідэраў краінаў Садружнасьці. Адна з тэмаў абмеркаваньня – канфлікт беларускіх прафсаюзаў з уладамі.

"Ганчарыка ў крыўду не дадзім", – заявіў сёньня на сустрэчы з журналістамі Ўладзімер Шчарбакоў, старшыня Ўсеагульнае канфэдэрацыі прафсаюзаў, якая аб'ядноўвае прафсаюзныя цэнтры дзяржаваў СНД. Паводле ягоных словаў, кіраўнікі прафсаюзных арганізацыяў 12 краінаў былога СССР зьехаліся ў Менск, каб высьветліць сытуацыю, у якую патрапіла Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Шчарбакоў зазначыў, што прафсаюзы СНД салідарныя зь беларускімі прафсаюзамі. Яго падтрымаў старшыня Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі Міхал Шмакаў. Ён зазначыў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, што ў Беларусі парушаюцца канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы – у праве на свабоду прафсаюзных аб'яднаньняў і на вядзеньне калектыўных перамоваў. Пра перасьлед беларускіх прафсаюзаў уладамі краіны Міхал Шмакаў некалькі тыдняў таму публічна паінфармаваў расейскую грамадзкасьць, актывістаў і сяброў прафсаюзаў Расеі.

Якой была рэакцыя расейцаў на ўціск прафсаюзаў у Беларусі? Адказваючы на гэтае пытаньне нашага радыё, Міхал Шмакаў паведаміў:

"Рэакцыя нэгатыўная ва ўсіх прафсаюзных актывістаў і кіраўнікоў расейскіх прафсаюзаў. Яшчэ болей нэгатыўная рэакцыя была ў амбасады Беларусі ў Расеі, якая ў гістэрычным тоне зрабіла шэраг заяваў пра тое, што я распаўсюджваю няпраўду. На самой справе – гэта хлусьня амбасады Беларусі ў Расеі", – зазначыў нашаму радыё лідэр расейскіх прафсаюзаў.

Як вядома, Міхал Шмакаў у ліпені ўжо наведваў Беларусь у складзе дэлегацыі Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, якую узначальваў генэральны сакратар гэтай арганізацыі Біл Джордан. З часу гэтага наведваньня, паводле ягоных словаў, становішча прафсаюзаў у Беларусі яшчэ болей пагоршылася. І гэтае пагаршэньне, сказаў сёньня Міхал Шмакаў, адбываецца насуперак выказваньням некаторых дзяржаўных кіраўнікоў Беларусі, якія сьцьвярджаюць пра нібыта маючае тут месца паляпшэньне з захаваньнем прафсаюзных правоў.

Неўзабаве, паінфармаў журналістаў Шмакаў, адбудзецца візыт у Беларусь кіраўніцтва Міжнароднай арганізацыі працы. На думку Міхала Шмакава, згаданы візыт можа мець цяжкія наступствы для ўраду Беларусі. Старшыня Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі паведаміў журналістаў, што заўтра на сустрэчы лідэраў прафсаюзных цэнтраў СНД, якая пройдзе ў Берасьці, беларуская сытуацыя будзе абмеркавана больш глыбака. Мяркуецца, сказаў Міхал Шмакаў, прыняцьце ад імя гэтых лідэраў адмысловае заявы ў пытаньні Беларусі – пра недапушчэньне ўціску прафсаюзаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG