Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сябры Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў скарысталі апошнюю магчымасьць сабрацца разам перад тым, як у Вене 30 жніўня пачнецца трэці, і як мяркуецца, апошні раўнд міжнароднае тэхнічнае канфэрэнцыі, на якім будзе прымацца рашэньне пра накіраваньне назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусь.

Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік акрэсьліў папярэдні парадак дня паседжаньня ў Вене. Ужо пацьвердзілі свой удзел у ім дзейная старшыня АБСЭ спадарыня Беніта Фэрэра-Вальднэр і новы кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ спадар Адрыян Севярын, які, нагадаем, адначасова зьяўляецца і кіраўніком рабочае групы Парлямэнцкай асамблеі ў справах Беларусі.

Пакуль канчаткова ня вызначана прадстаўніцтва на канфэрэнцыі беларускага боку. Хутчэй за ўсё, ураду і апазыцыі дазволяць мець невялікія дэлегацыі, – ня больш як тры асобы з кожнага боку. Кіраўнікі дэлегацыяў атрымаюць права на кароткі выступ, каб дакласьці міжнароднай супольнасьці свае погляды на сытуацыю ў краіне.

Мяркуецца, што апазыцыю ў Вене ўзначаліць Анатоль Лябедзька, а ўрадавы бок – новы амбасадар Беларусі ў Аўстрыі і пры структурах АБСЭ Віктар Гайсёнак. Аднак, паводле апошніх зьвестках, урадавы бок хоча павысіць свой статус да ўзроўню намесьніка міністра замежных справаў. А лідэры апазыцыі, у сваю чаргу, сёньня вырашылі правесьці да ад'езду ў сталіцу Аўстрыі адмысловае паседжаньне, на якім і будзе зацьверджаны склад дэлегацыі.

Сёньня кіраўнікі апазыцыйных партыяў прынялі зварот да ўдзельнікаў тэхнічнае канфэрэнцыі. У ім падкрэсьліваецца, што ў Беларусі няма праўных, палітычных і маральных падставаў для прыезду міжнародных назіральнікаў. Апазыцыя пацьвердзіла сваю гатоўнасьць удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, але толькі пасьля таго, як па кожнай з чатырох умоваў будзе дасягнуты значны прагрэс. За дадзены зварот прагаласавлі ўсе ўдзельнікі паседжаньня, акрамя Сяргея Калякіна, які ўстрымаўся.

Свой учынак кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай патлумачыў тым, што ягоная партыя ня лічыць справаю надзвычайнае важнасьці прысутнасьць або адсутнасьць на выбарах міжнародных назіральнікаў.

На думку амбасадара Віка, сёньня ніхто яшчэ дакладна ня ведае пазыцыю кожнай зь міжнародных арганізацыяў, якія 30 жніўня будуць абмяркоўваць "беларускае пытаньне". Але пакуль не зафіксавана выпадку, каб хтосьці з іх ацаніў дзеяньні беларускіх уладаў хаця б па адной з чатырох умоваў як дастатковыя для фіксаваньня значанага прагрэсу.

На прыканцы паседжаньня спадар Вік паведаміў, што зьвярнуўся да кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ з просьбаю перанесьці пікетаваньне Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі, прызначнае на 28 і 29 жніўня, на верасень. Тлумачэньне тут простае – і 28, і 29 жніўня кіраўніцтва Кансультацыйна-назіральнае групы будзе знаходзіцца ў Вене.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG