Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

(эфір 22 жніўня)
У Беларусі, як і ў савецкі час, дагэтуль існуе практыка прымусовага накіраваньня гарадзкіх жыхароў на сельскагаспадарчыя работы ў калгасы й саўгасы. Сёлета з гараджанамі за працу ў вёсцы будуць разьлічвацца пры дапамозе сродкаў Дзяржаўнага фонду садзеяньня занятасьці – інакш кажучы, грашыма, якія прызначаныя на стварэньне новых працоўных месцаў і выплаты дапамогі беспрацоўным.

Як распавёў аграном Мінсельгасхарчу Аляксандар Ільясевіч, у Беларусі гараджанаў можна пабачыць у калгасных палёх зь вясны да позьняе восені.

(Ільясевіч: ) "Толькі ўзімку, відаць, не працуюць. А так, пачынаючы зь вясны і сканчаючы восеньню, працуюць. Гаспадаркі заключаюць пагадненьні, а раённыя выканкамы загадваюць прамысловым арганізацыям – нарыхтаваць столькі зялёнае масы й г.д.".

Сёлета Міністэрства працы выдаткоўвае Міністэрству сельскае гаспадаркі 1 мільярд 120 мільёнаў рублёў для частковых разьлікаў з тымі гараджанамі, якіх накіроўваюць у калгасы і саўгасы. Згодна з пастановаю Савета міністраў, гэтыя грошы будуць выдаткаваныя зь Дзяржаўнага фонду садзеяньня занятасьці.

Распавядае намесьнік старшыні фонду Мікалай Коханаў:

"Фонд страхавы, створаны для страхаваньня ад беспрацоўя. Але ў законе сказана, што іншыя пытаньні дзейнасьці фонду занятасьці знаходзяцца ў кампэтэнцыі ўрада. А калі ўрад прыняў такое рашэньне… Тым больш, што ў нас ёсьць у бюджеце невялікі прафіцыт. Таму, калі ў фонда ёсьць вольныя сродкі, яны не павінны не скарыстоўвацца. А ў дзяржавы сёньня ёсьць праблемы, і іх патрэбна вырашаць".

(Карэспандэнтка: ) "Ці можа так атрымацца, што беспрацоўныя не атрымаюць дапамогу з-за гэтага рашэньня?"

(Коханаў: ) "Не. Выключана".

Гэта быў Мікалай Коханаў, намесьнік старшыні Дзяржаўнага фонду садзеяньня занятасьці.

Але, як нам паведамілі ў аддзеле заробкаў Мінсельгасхарчу, гэтыя грошы ад фонду да іх яшчэ не паступілі. Распавядае супрацоўнік аддзелу Вольга Шахрай.

(Шахрай: ) "Міністэрства фінансаў павінна зьмяніць плян фінансаваньня, каб усё паскорыць. Але тое, што гараджане заробяць у калгасах, мы выплацім. А вось што на прадпрыемствах, дзе ім абяцалі захаваць 75% заробкавае платы, гэта я ня ведаю, як будзе…"

Гэта была Вольга Шахрай з аддзелу заробкавае платы Мінсельгасхарчу.

Дарэчы, толькі ў Беларусі захавалася практыка прымусовага накіраваньня гараджанаў на дапамогу вёсцы. Напрыклад, ва Ўкраіне такога няма ўжо гадоў восем, у Расеі – таксама.

Цікавая практыка ў суседняй Летуве. Там дзейнічае закон, у адпаведнасьці зь якім беспрацоўным могуць прапаноўваць папрацаваць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. У вёску могуць паехаць і тыя, хто быў асуджаны за фінансавыя злачынствы. Такім людзям прапануюць замест турэмнага зьняволеньня адпрацаваць для выплаты штрафу ў сельскай гаспадарцы. Але толькі дабрахвотна.

Іншая сытуацыя ў Польшчы. Студэнты там заўжды ўлетку зарабляюць неблагія грошы ў фэрмэраў на ўборцы парэчак ці трускалак. Дарэчы, часам і беларускія студэнты накіроўваюцца дзеля гэтага ў Польшчу. Каб пасьпець зарабіць нешта, пакуль не накіравалі "на бульбу" ў беларускія калгасы іхныя навучальныя ўстановы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG