Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 2000 г.


Сяргей Шупа

Беларуская апазыцыя кажа пра падманны манэўр, – піша ў сёньняшнім нумары газэта Neue Zurcher Zeitung. Беларускі прэзыдэнт Лукашэнка пайшоў на саступкі, каб схіліць міжнародныя арганізацыі да прысылкі сваіх назіральнікаў на кастрычніцкія выбары ў парлямэнт. Ягоныя абяцаньні, даволі туманныя паводле зьместу, маюць вельмі мала агульнагаз патрабаваньнямі апазыцыі. Апошняя перажывае раскол што да пытаньня аб байкоце выбараў.

Ці ў аўтакратычнага кіраўніка Беларусі задрыжалі каленкі? Гэта саступкі ці падманны манэўр? Дакладна ясна толькі адно: Празь некалькі дзён пасьля таго, як дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы выказала сваё расчараваньне сытуацыяй у Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 15 кастрычніка і назвала пасылку назіральнікаў на выбары бессэнсоўнай, прэзыдэнт Лукашэнка схапіўся за новыя ініцыятывы. Часткова яны адпавядаюць патрабаваньням апазыцыі і міжнародных арганізацыяў. Аднак шматлікія прадстаўнікі апазыцыі адхіляюць Лукашэнкавы прапановы як няшчырыя і запозьненыя. Іншыя ж, у тым ліку і заходнія аглядальнікі, хоць і гавораць толькі пра памяркоўныя крокі, аднак займаюць скрайне скептычную пазыцыю, не ў апошнюю чаргу дзеля таго, што Лукашэнка надта падазрона пракамэнтаваў свае выказваньні.

Безьзьмястоўныя абяцаньні

У прыватнасьці гаворка йдзе пра патрабаваньні апазыцыі забясьпечыць ёй доступ да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, дапусьціць яе прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, спыніць палітычныя перасьледы і гарантаваць парлямэнту вырашальную заканадаўчую ўладу. Лукашэнка цяпер абяцае, што партыі, якія вылучаюць кандыдатаў, могуць даслаць сваіх прадстаўнікоў у Цэнтральную Выбарчую Камісію, дзе яны атрымаюць дарадчы голас. Праўда, як сьцьвердзіў ён сам, фармаваньне камісіяў ужо закончылася, прычым адну палову іх сяброў прызначыў прэзыдэнт, а другую — парлямэнт. Ім у гэтай справе належыць апошняе слова. Апрача таго ўсе кандыдаты мусяць выступіць у дзяржаўнай тэлевізіі з выкладам сваёй палітычнай праграмы. Аднак разам з тым Лукашэнка пытаецца: нашто апазыцыянэрам дазваляць выказвацца пра тое, пра што народ думае іначай.

Што да пашырэньня правоў парлямэнту, дык кіраўнік дзяржавы лічыць цалкам дастатковым дадаткова кансультавацца з дэпутатамі наконт прызначэньня высокіх дзяржаўных службоўцаў, накшталт паслоў у іншых краінах. Надаваць парлямэнту нейкія шырэйшыя паўнамоцтвы ён пакуль што адмаўляецца. Калі ж некаму заманецца правесьці падзел улады і тым самым раскалоць краіну, дык ён гэтаяга не дапусьціць. Урэшце ён запэўніў, што да выбараў ня будзе абмяжоўваць крытыкаў рэжыму і дазволіць ім вылучаць свае кандыдатуры нягледзячы на колішнія правапарушэньні. А што будзе пасьля выбараў — будзе відаць пасьля.

Тактычныя павароты, спроба падмануць міжнародную супольнасьць, касмэтычныя, а не сапраўдныя саступкі — так або падобна апісваюцца Лукашэнкавы ініцыятывы ў выказваньнях прадстаўнікоў апазыцыі. Яны асабліва падкрэсьліваюць два моманты. Па-першае, Лукашэнка выступіў з новымі ініцыятывамі толькі пасьля таго, як апазыцыйныя партыі пастанавілі байкатаваць выбары і калі выбарчая кампанія, калі яе можна так назваць, ужо была пачаўшыся. Па-другое, Лукашэнкавы абяцаньні такія туманыя, што па сутнасьці ня варта спадзявацца на нейкія перамены. Бо доступ да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі забясьпечваецца не апазыцыі, а паасобным кандыдатам, дый тое толькі на кароткі выступ. Такім чынам, ня створана ніякіх умоваў для грамадзка-палітычнага дыялёгу. Таму ў шэрагах апазыцыі пераважае меркаваньне, што Лукашэнка мае перад сабою толькі адну мэту: забясьпечыць прыезд у Менск міжнародных назіральнікаў, каб легітымізаваць свой рэжым хоць бы на ўзроўні прызнаньня новага парлямэнту. Калі б прэзыдэнт і сапраўды хацеў правесьці справядлівыя і свабодныя выбары, дык ён мусіў бы правесьці перамовы з апазыцыяй і адкласьці выбары на паўгода, каб пасьпець ажыцьцявіць дасягнутыя пагадненьні.

Расколатая апазыцыя

Як бы аднадушна ні ацэньвала апазыцыя чарговыя Лукашэнкавы выбрыкі, як бы яна ні сумнявалася ў шчырасьці ягоных намераў — сёньня яна перажывае раскол. Апазыцыйныя партыі, якія заклікалі да байкоту выбараў, пераконваюць адна адну ў тым, што яны абралі слушную стратэгію. Яны перакананыя, што прымусілі Лукашэнку пайсьці на пэўныя саступкі і што ў будучым ім удасца дасягнуць большага. Аднак, на думку аглядальнікаў, гэтаму разьліку не хапае ўнутранай лёгікі. Паводле іхнага меркаваньня, наадварот, заклік да ўдзелу ў выбарах мог бы стацца значна больш шматабяцальным, бо тады магла б выявіцца незадаволенасьць насельніцтва, перадусім сваім эканамічным становішчам. Некаторыя апазыцыйныя партыі ня здолелі запярэчыць гэткаму меркаваньню і дазволілі сваім сябрам удзельнічаць у выбарах у якасьці незалежных кандыдатаў. Гэтыя партыі хочуць не дапусьціць таго, каб Лукашэнка без найменшага супраціву і надалей кіраваў краінаю праз свае дэкрэты як найменей да прэзыдэнцкіх выбараў наступнага году.

Пераклаў

XS
SM
MD
LG