Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі аб'яднанай апазыцыі рыхтуюцца да пачатку агітацыйнае кампаніі супраць выбараў у г.зв. "Палату прадстаўнікоў". У многіх рэгіёнах Беларусі ўжо створаныя ініцыятыўныя групы ў справе збору подпісаў пад патрабаваненьнем да ўладаў выканаць чатыры вядомыя ўмовы міжнародных структураў.

Кіраўнік рабочае групы агітацыйнае кампаніі байкоту выбараў, галоўны рэдактар газэты "Рабочы" Віктар Івашкевіч паведаміў сёньня нашаму радыё, што групы збору подпісаў пад чатырма патрабаваньнямі ўжо створаныя амаль ва ўсіх буйных гарадох краіны. Такія групы, паводле задумы ініцыятараў байкоту, будуць працаваць у 22 рэгіёнах Беларусі.

Сама кампанія збору подпісаў афіцыйна пачнецца 1 верасьня, але, паводле словаў Івашкевіча, ужо цяпер некаторыя апазыцыйныя актывісты пачалі дасылаць свае подпісы ў падтрымку чатырох патрабаваньняў АБСЭ ды іншых міжнародных структураў.

Сёньня 200-тысячным накладам выйшаў адмысловы выпуск газэты "Рабочы", у якім зьмешчаны афіцыйны ўзор падпіснога ліста пад вядомымі патрабаваньнямі. А ў паштовых скрынках жыхароў Менску сёньня зьявіліся першыя агітацыйныя ўлёткі, у якіх тлумачыцца, чаму ня варта хадзіць на выбары 15 кастрычніка.

Віктар Івашкевіч перакананы, што кампанія байкоту пройдзе пасьпяхова, калі агітатарам удасца абыйсьці як мага большую колькасьць кватэраў. Гаворыць спадар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Усё залежыць ад агітацыйна-растлумачальнай работы. Калі людзям сказаць, што яны зробяць гераічны ўчынак па змаганьні з рэжымам, што застануцца ў хаце піва піць, то яны застануцца ў хаце піва піць. І тым самым зробяць выбар і паўплываюць на сытуацыю. А калі яны пойдуць на выбарчыя ўчасткі – яны будуць шкодзіць самі сабе. Я маю на ўвазе тых людзей, якія незадаволеныя пазыцыяй Лукашэнкі і хочуць зьменаў да лепшага. Калі ім растлумачыць, што яны паўплываюць на сытуацыю, якраз не пайшоўшы на выбары, яны ня пойдуць. А пры кворуме 50 працэнтаў абсалютна рэальна ў вялікіх гарадах гэты кворум сарваць, таму што нават калі ўсе агітавалі ісьці на выбары ў ранейшыя выбарчыя кампаніі, – кворум у вялікіх гарадах заўсёды пад пытаньнем".

Гэта быў кіраўнік рабочае групы падрыхтоўкі байкоту Віктар Івашкевіч.

Ён таксама паведаміў, што ў ініцыятыўных групах, якія зоймуцца зборам подпісаў грамадзянаў, разам з актывістамі БНФ, АГП ды іншых апазыцыйных партыяў і арганізацыяў будуць працаваць і сябры Сацыял-Дэмакратычнае "Народнае Грамады", – нягледзячы на тое, што частка партыйнага кіраўніцтва ўдзельнічае ў выбарах.

Гэты факт, на думку Віктара Івашкевіча, сьведчыць пра тое, што ніякага сур'ёзнага расколу ў шэрагах аб'яднанай апазыцыі не адбылося. Спадар Івашкевіч лічыць, што проста ў "Народнай Грамады" ёсьць пэўныя ўнутрыпартыйныя праблемы, зьвязаныя з непасьлядоўнай пазыцыяй Мікалая Статкевіча і некаторых іншых актывістаў. Паводле словаў Івашкевіча, аб'яднаная апазыцыя ёсьць аб'яднаньнем партыйных і арганізацыйных структураў, а ніводная з партыяў, што ў яе ўваходзяць, за ўдзел у выбарах ня выказалася.

XS
SM
MD
LG